AP

Колькасць загінулых на плошчы Брайтшайдплац у цэнтры Берліна, дзе грузавік пратараніў натоўп на калядным кірмашы, вырасла да 12, паведамілі ў паліцыі.

48 чалавек знаходзяцца ў бальніцах, некаторыя — у цяжкім стане, паведамляецца ў твітары праваахоўных органаў нямецкай сталіцы.

Сенатар ўнутраных спраў Берліна Андрэас Гайзэль раней заявіў, што ўсё яшчэ дакладна не ясна, ці было гэта нападам або няшчасным выпадкам, адзначае Бі-бі-сі.

У панядзелак увечары паліцыя арыштавала меркаванага кіроўцу грузавіка. Другі чалавек, які знаходзіўся ў машыне, быў знойдзены мёртвым.

Кірмаш размешчаны на плошчы Брайтшайдплац недалёка ад вуліцы Курфюрстэндам, дзе знаходзіцца вялікая колькасць крамаў.