Рэзалюцыя Генасамблеі ААН заклікае Расею як дзяржаву-акупанта выконваць свае забавязанні ў адпаведнасці з міжнародным правам
Генеральная Асамблея ААН у панядзелак зацвердзіла рэзалюцыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль (Украіна), праект якой быў прыняты 15 лістапада ў Трэцім камітэце Арганізацыі.
Галасаванне адбылося ў панядзелак у рамках 65-й пленарнай сустрэчы Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Вынік галасавання наступны: «за» — 70, «супраць» — 26 пры 77 тых, хто ўстрымаўся.
Дакумент асуджае сур'ёзныя парушэнні і злоўжыванні ў адносінах да жыхароў Крыма, уключаючы пазасудовыя забойствы, выкраданні людзей, палітычна матываваны крымінальны пераслед, дыскрымінацыю, запалохванне, гвалт, катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека ў Крыме.
Рэзалюцыя заклікае Расею як дзяржаву-акупанта выконваць свае забавязанні ў адпаведнасці з міжнародным правам і вызваліць неадкладна ўкраінскіх грамадзян, якія былі незаконна затрыманыя і асуджаныя без уліку элементарных нормаў правасуддзя.
Дакумент таксама змяшчае зварот ва Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека адносна падрыхтоўкі справаздачы па сітуацыі на Крымскім паўвостраве.
Сярод іншага, у рэзалюцыі гаворыцца пра неабходнасць забеспячэння з боку акупацыйных уладаў РФ бесперашкоднага доступу міжнародным праваабаронцам, у тым ліку, дзеючым пад эгідай ААН.
Беларусь галасавала супраць рэзалюцыі. Супраць таксама галасавалі Кітай, Індыя, Іран, Арменія, Казахстан, Сербія, Філіпіны.
За рэзалюцыю прагаласавалі ЗША, краіны Еўрасаюза, Канада, Турцыя, Ізраіль, Японія, Чарнагорыя, Нарвегія.
Устрымаліся такія, краіны, як Бразілія, Пакістан, Інданэзія, Мексіка, Тайланд, Таджыкістан, Манголія.