Памочнік Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях спорту, а таксама віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў прызначаны першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. «Наша Ніва» сабрала цікавыя факты пра чыноўніка.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Бацька быў міністрам спорту

Максім Рыжанкоў нарадзіўся ў 1972 годзе ў Мінску. Ягоны бацька, ураджэнец Добруша, у гэты самы год сканчаў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры.

Па сканчэнні ВНУ Уладзімір Рыжанкоў застаўся там выкладаць. Пасля пачаў будаваць кар’еру па партыйнай лесвіцы. Ад 1979 працаваў у камітэце фізічнай культуры і спорце пры Савеце міністраў БССР. Ад 1990 Рыжанкоў-старэйшы фактычна курыраваў увесь спорт у рэспубліцы. Па атрыманні незалежнасці ён стаў першым міністрам спорту Беларусі, а таксама першым кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта (другім будзе Аляксандр Лукашэнка).

Уладзімір Рыжанкоў раптоўна памёр 12 снежня 1996 года, у 51 год. Тады якраз ішоў разбор выступлення нацыянальнай зборнай на летняй Алімпіядзе ў Атланце. Міністра вельмі жорстка ў той час крытыкавала газета «Прессбол». «Апошнія гады мы вельмі сябравалі, былі ў даверлівых адносінах. Цяпер многія кажуць, што я загнаў яго ў магілу. Мне гэта вельмі крыўдна», — казаў былы рэдактар «Прессбола» Уладзімір Беражкоў.

«У сям'і бацька заўсёды быў «добрым паліцэйскім». То бо, гэта была апошняя інстанцыя, якая расстаўляла усе кропкі над i. Ён мог і маму супакоіць, пераканаць, што тая ці іншая праблема не вартая такіх перажыванняў. Яго ж самога вывесці з раўнавагі здольныя былі толькі сапраўды сур'ёзныя моманты, што, на шчасце, здаралася рэдка», — узгадваў Максім.

Маці Рыжанкова, Браніславы Францаўны, ужо таксама няма ў жывых.

Дыпламатычная кар’ера

Максім Рыжанкоў скончыў юрыдычны факультэт БДУ, аднак кар’еру пачаў будаваць па дыпламатычнай лініі. Ад 1994 Рыжанкоў на службе ў цэнтральным апараце МЗС.

«Ніхто не ўзгадае мяне як «татавага сынка», — казаў Максім пра калег у МЗС. Зрэшты, менавіта бацька прапанаваў яму схадзіць у міністэрства, паспрабаваць уладкавацца на практыку, хоць сам Максім марыў быць пракурорскім работнікам, а не дыпламатам.

«Быў 1993 год, ішло станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Адчуванне адзінай дыпламатычнай сям'і, поўнай навізны, калі ўсе працавалі начамі напралёт, каб падрыхтаваць першы ў тваім жыцці візіт, першы дакумент, першае пагадненне. Я вельмі моцна заразіўся гэтым і ні разу потым не пашкадаваў», — узгадваў спадар Рыжанкоў.

У 1996 годзе яго адправілі супрацоўнікам пасольства Беларусі ў Ізраілі. А з 2003 да 2005 Рыжанкоў працаваў у пасольстве ў Варшаве.

Зрэшты, па дыпламатычнай працы Рыжанкоў не сумуе. «Жадання жыць за мяжой у апошні час не адчуваў. Наездзіўся, пабачыў усякага, ведаю, што значыць жыць удалечыні ад радзімы», — казаў цяперашні першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі.

Памочнік і намеснік Лукашэнкі

У дзяцінстве Максім Рыжанкоў займаўся баскетболам. «Па-першае, напэўна, з-за генетычных дадзеных: з улікам майго росту гэты від мне мусіў пасаваць. Па-другое, бацька лічыў, што хлопцу неабходна займацца спортам для агульнафізічнага развіцця, каб быць моцным і здаровым, але зусім не абавязкова станавіцца алімпійскім чэмпіёнам. Па-трэцяе, бацька ў свой час займаўся баскетболам і ведаў, што гэта адзін з самых рознабаковых відаў спорту», — казаў Рыжанкоў.

Аднак потым ягонае жыццё са спортам ніяк не перасякалася. Восенню 2012 года Рыжанкова нечакана прызначылі памочнікам прэзідэнта па пытаннях спорту.

Сам Максім сказаў, што ад прапановы да прыняцця рашэння прайшло менш за суткі. «Для мяне гэта быў вельмі складаны крок», — казаў чыноўнік.

Праз нейкі час, пасля таго як Ігара Рачкоўскага адправілі ў хакей, Рыжанкоў стаў віцэ-прэзідэнтам у Нацыянальным алімпійскім камітэце, які ўзначальвае сам Аляксандр Лукашэнка.

Пры Рыжанкову Беларусь удзельнічала ў дзвюх Алімпіядах. Зімовая ў Сочы, дзякуючы бліскучаму выступу Дар’і Домрачавай, стала самай удалай у гісторыі Беларусі. А вось сёлетняя летняя Алімпіяда ў Рыа, наадварот, была самай няўдалай. Лукашэнка некалькі разоў крытычна выказваўся аб выступе атлетаў, але так і не правёў нараду з разборам палётаў.

А яшчэ пры Рыжанкову Беларусь дабілася правядзення Другіх Еўрапейскіх гульняў. Профіт ад гэтай падзеі дастаткова сумнеўны, затое можна дасягнуць ідэалагічнага эфекту.

Вядзе твітар

Максім Рыжанкоў — адзін з нямногіх высокіх чыноўнікаў, хто вядзе актыўны акаўнт у сацыяльных сетках. Памочнік прэзідэнта піша ў твітар. Летам Рыжанкоў «размазаў» алімпійскага медаліста, шматборца Андрэя Краўчанку. Краўчанка пакрытыкаваў правядзенне ў Мінску Еўрапейскіх гульняў і сістэму падрыхтоўкі атлетаў.

На гэта Рыжанкоў заўважыў: «Іншым разам трэба лепш трэніравацца, а не гаварыць… Як бач, і на Алімпійскія гульні адбярэшся».

Рыжанкоў крытыкаваў спартоўцаў, якія ўжываюць допінг: «Калі прэзідэнт даведаецца, што нехта прымяняе забароненыя прэпараты, то ў атлета будуць вельмі вялікія праблемы».

Новы першы намеснік Адміністрацыі прэзідэнта да нядаўняга часу жыў у трохпакаёвай вялікай кватэры на праспекце Пераможцаў насупраць стэлы «Мінск — горад-герой», якая засталася ад бацькі. Але нядаўна пераехаў за горад. «Цяпер на ровары на работу не паездзіш», — сумаваў Рыжанкоў.

У шлюбе з першай жонкай Паўла Латушкі

Максім Рыжанкоў у шлюбе з 43-гадовай Наталляй. У пары ёсць дачка Уладзіслава, ёй 8 гадоў. Наталля родам з Мінска, яна скончыла біялагічны факультэт БДУ. Яе дзявочае прозвішча Мінько.

Адметна, што першым мужам Наталлі Рыжанковай быў цяперашні пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка. У іх ёсць дачка Яна, якая жыве з бацькам. Рыжанкоў у перыяд ад 2002 да 2005 акурат працаваў у падначаленні Латушкі. Павел Латушка быў паслом Беларусі ў Польшчы, а Максім Рыжанкоў — дарадцам у пасольстве.

У Максіма Рыжанкова таксама ёсць сястра Дар’я. Яна жыве ў Францыі, яе сына завуць Тэадор.

Хто яшчэ працаваў першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта:

  1. Міхаіл Сазонаў (1995—1997)
  2. Уладзімір Русакевіч (1997—2000)
  3. Уладзімір Замяталін (2000—2001)
  4. Станіслаў Князеў (2001—2003)
  5. Аляксандр Папкоў (2003—2006)
  6. Анатоль Рубінаў (2006—2008)
  7. Наталля Пяткевіч (2009—2010)
  8. Аляксандр Радзькоў (2010—2014)
  9. Канстанцін Мартынецкі (2015—2016)
  10. Максім Рыжанкоў (2016 — да цяперашняга часу)

Наталля Качанава стала кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, Максім Рыжанкоў — яе намеснікам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?