24 і 25 снежня ў цэнтры Мінска каля Палаца Рэспублікі — у ГЦ «Купалаўскі» — пройдзе калядны маркет «Прастора Добрых Падарункаў»! Мерапрыемства аб'яднае найлепшыя традыцыі еўрапейскіх калядных маркетаў і беларускай гасціннасці, сабраўшы больш за 100 удзельнікаў розных відаў і жанраў, сярод якіх — майстры хэндмэйду, рамёстваў, музыкі, літаратуры і самае шырокае кола творчых людзей!

Выразны акцэнт на творчы складнік стане галоўнай адметнасцю каляднага маркету «Прастора Добрых Падарункаў» і яго асноўным адрозненнем ад падобнага кшталту мерапрыемстваў і кірмашоў, якія будуць ладзіцца ў гэтыя святочныя дні ў беларускай сталіцы.

У літаратурна-музычнай і забаўляльнай праграме вас чакаюць выступы вядомых беларускіх літаратараў — празаікаў і паэтаў, бардаў, тэатральных дзеячаў (даецца ў знакі блізкасць «Купалаўскага тэатру»), музыкаў і цэлых калектываў, аўтограф-сесіі, майстар-класы, тэматычныя фотазоны, настольныя гульні і анімацыя, а таксама прэзентацыі новых кніг, брэндаў ды іншых адметных тавараў з Беларускай Душой!

24 снежня, субота

12.00 — выступ тэатра-студыі «Зялёны Яблык» з каляднымі спевамі і музычна-паэтычнай кампазіцыяй «Мой сябра Анёлак» паводле твораў Арцёма Кавалеўскага і з музыкаю Змітра Вайцюшкевіча. Мастацкі кіраўнік — Галуза Таццяна (Бараўляны).

12.30 — Леанід Дранько-Майсюк з нізкай «Вершаў пра Хомку» і вершамі з «дзіцячага бестсэлера» — кнігі «Цацачная крама».

13.00 — Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 19 прадстаўляе музычныя выступы Ігара Пішчыкава, Наталлю Хадкевіч, Святлану Мезен.

Ігар Пішчыкаў — лаўрэат многіх гарадскіх і міжнародных фестываляў, конкурсаў народнай творчасці Беларусі, удзельнік музычнага калектыву «Мінскія музыкі» пад кіраўніцтвам Дмітрыя Равенскага.

Святлана Мезен — лаўрэат гарадскіх і рэспубліканскіх музычных конкурсаў.

Наталля Хадкевіч — выканаўца аўтарскіх песень і духоўнай музыкі, пастаянная ўдзельніца дабрачынных канцэртаў.

14.00 — гісторык і экскурсавод, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, адзін з арганізатараў найпапулярнейшага «Фэста Экскурсаводаў» Павел Каралёў распавядзе пра «Мінск літаратурны».

Пасля выступу адбудзецца Літаратурная экскурсія. Павел Каралёў правядзе Вас шляхамі класікаў беларускай літаратуры, пазнаёміць з адметнымі літаратурнымі мясцінамі Мінска. Вы даведаецеся, з якімі месцамі звязана жыццё Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі і многіх іншых нашых вядомых празаікаў і паэтаў.

Кошт экскурсіі — 8 рублёў, пры папярэднім запісе зніжка — 6 рублёў, дзецям да 12 год — бясплатна. Запіс і дадатковая інфармацыя па экскурсіях — па тэлефонах +375-29-134-28-04, +375-25-545-84-30 (Валерыя).

14.20Беларускія спевы на Раство выканаюць Вера, Александрына і Марта Скарабагатыя.

15.00 Алесь Ліпай з нізкай вершаў «Абдымкі».

15.30Валер Залівака з гуртом «Залівістыя шляхцюкі».

16.00Вячаслаў Корбут з нізкай вершаў «Калядныя байкі».

16.30 — Заўсёды яскравы Раман Абрамчук — зацяты раварыст і лідэр анты-кавербэнда «Гарадскі вал».

17.00 — Феерычны Серж Мінскевіч з песнямі і казкамі для дзетак і дарослых.

17.30 Зміцер Захарэвіч — паэт і песеннік, неаднаразовы ўдзельнік бардаўскіх фэстаў і міжнародных літаратурных форумаў. Як паэт Зміцер шмат працуе над змястоўнасцю сваіх твораў — вершаў і песень — зрэшты, ва ўсім можна будзе пераканацца асабіста!

18.00 — Маладая і абаяльная літаратарка Ніна Лістота. «Залатой мелодыяй Адроджаных струн Дакранаюся сэрца твайго. Я бальзам».

Таленавітая паэтка і журналістка працуе ў холдынгу «Звязда». Нядаўна яна з поспехам зладзіла свой першы паэтычны вечар у Літаратурным музеі Янкі Купалы, які так і называўся «Ніна Лістота. Нараджэнне паэта».

25 снежня, нядзеля

12.00 — адмыслова з Гомеля першымі цягнікамі завітае слынны бард Андрэй Мельнікаў.

12.30Уладзімір Боська — паэт, празаік, драматург і фронтмэн музычнага рок-гурту «Martin S.»

13.00 — Літаратар(ка), паэт(ка) і зорка-тэлевядоўца Валярын(ка) Кустава.

Праспяваем разам з Валярынаю «Калыханку для Бога» ў святочны час Калядаў, каб Усявышні спаслаў нам жаданае. А таксама прыслухаемся да самы прачулых, смелых і жарсных вершаў пра каханне Паэткі Неба. Бо хто з нас не марыць пра існае каханне, а вершы — гэта той падарунак, які заўжды варта дарыць каханым.

13.30 — Незвычайны Віктар Жыбуль з прэзентацыяй новай кнігі «Дзяцел і дупло».

14.00 — этнічна-касмічны імправайз ад «ДРЫНДРОЖЫК-трыа».

14.30 — актор і рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Ігар Пятроў з прэзентацыяй музычнага спектаклю «Паліто з Бабруйску».

15.00 — «Лепшы паэт у сваёй сям'і, першы перакладчык у сваім тамбуры» Алесь Емельянаў выступіць з праграмаю «Выйсце з літаратуры. Спробы».

16.00Людміла Шчэрба — «у рамане, вершах ды песнях»: вас чакае прэзентацыя фільмаслова «Уладар рыбаў» і знаёмства з катом Апострафам, хвілінка паэзіі, а яшчэ… упершыню настолькі публічна Элвіс загучыць па-беларуску!

16.30 «Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта» — найарыгінальнейшая і незвычайная творчая сям'я — Яраш Малішэўскі, Альжбэта Малішэўская-Спрынчан, Аксана Спрынчан. Падчас іх выступаў публіку чакае ўнікальнае спалучэнне вершаў, музыкі і спеваў. Буянне фарбаў і мелодыяў, скрыжаванне натхнення і каляднага хараства! Аўтографы ад трох герояў кнігі «Поўны эксклюзіў», якая прыносіць шчасце.

17.20 — выступ галоўнага жука-Галіяфа Змітра Вішнёва з цыклам «Зімовыя краявіды».

Акрамя літаратурна-музычнай і забаўляльнай праграмы на працягу ўсіх двух дзён з 11.00 да 19.00 будзе працаваць уласна гандлёвая частка і кірмашовая і інтэрактыўная зона. Агулам на Калядным маркеце «Прастора Добрых Падарункаў», які сёлета ўпершыню арганізоўвае кампанія «ПРАСТОРА БАЙ» разам з гандлёвым цэнтрам «Купалаўскі» і КУП «Камароўскі рынак», будуць прадстаўленыя больш за 70 адметных беларускіх рамеснікаў, майстроў і вытворцаў самых разнастайных сувеніраў і падарункаў.

Найбольш поўная інфармацыя пра першы ў Беларусі Калядны маркет «Прастора Добрых Падарункаў» — на сайце арганізатараў www.PRASTORA.by

Уваход на ўсе мерапрыемствы Каляднага маркету «Прастора Добрых Падарункаў» — вольны.

Калядны маркет «Прастора Добрых Падарункаў» — першае мерапрыемства такога кшталту ў запланаваным шэрагу падзеяў, якія будуць супольна праводзіць кампанія «ПРАСТОРА БАЙ», гандлёвы цэнтр «Купалаўскі» і КГУП «Мінскі Камароўскі рынак». Па пытаннях супрацы і ўдзелу ў будучых мерапрыемствах у межах глабальнага праекта «Добрая Прастора ў Купалаўскім» — просьба звяртацца да кіраўніка праекта Міхася Башуры, +375-29-856-42-01, +375-29-652-00-72, [email protected] 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0