Меліціна Станюта.

Меліціна Станюта.

«Гэтая дзяўчынка прыйшла ў залу ў тры гады. Меліта правяла ў спорце 20 гадоў — увесь гэты час штодзённай працы, неймаверных фізічных нагрузак. Заўсёды трэба думаць, што будзе заўтра. Цябе чакаюць з кожных спаборніцтваў з медалём, а гэта не заўсёды атрымліваецца. І ніхто не бачыць гэтую працу, ніхто не бачыць тваіх слёз», — сказала галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская.

Яна таксама адзначыла, што за гады выступаў у Станюты з'явіліся заўзятары не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. У прыватнасці, Ляпарская расказала пра заўзятараў з Іспаніі і Японіі, якія ездзілі за Меліцінай на ўсе спаборніцтвы і выступы.

«Меліта брала ўдзел у двух Алімпіядах, не ўсім гэта ўдаецца. У 2012-м у Лондане яна выступала праз год пасля вельмі складанай аперацыі, на другіх для сябе Гульнях, у Рыа, ёй трэба было вытрымаць вельмі цяжкую псіхалагічную нагрузку, увесь свет глядзеў на яе: «Зможа ці не?». Я думаю, што яна змагла. Меліціну па праве можна назваць Meli Queen», — сказала на заканчэнне Ляпарская.

У Палац спорту прыйшлі трэнеры Станюты Святлана Бурдзевіцкая, Ларыса Лук'яненка і Марына Лобач, намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дубкоўскі, старшыня прэзідыўма Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Алена Скрыпель, першы намеснік старшыні «Дынама» Вадзім Пуцькоў, чэмпіён Еўропы і свету па скачках на батуце Дзмітрый Паляруш, а таксама першы беларускі алімпійскі чэмпіён Сяргей Макаранка.

«Цешыць, што сёння ў гэтай зале так шмат людзей, якія дапамаглі мне зрабіць самыя важныя крокі ў любімай справе — мастацкай гімнастыцы. Дзякуй заўзятарам, вы не ўяўляеце, як падтрымка дапамагае зноў і зноў пераадольваць цяжкасці. І, вядома, дзякуй маёй камандзе, усім трэнерам і харэографам», — сказала Станюта ў адказ.

Меліціна Станюта абвясціла пра рашэнне завяршыць кар'еру 22 снежня. Думкі аб завяршэнні кар'еры ўпершыню прыйшлі да яе пасля заканчэння Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра, дзе Станюта не трапіла ў лік прызёраў, заняўшы 5-е месца. Меліціна ўпершыню ступіла на гімнастычны памост у 2005 годзе. 23-гадовая Меліта шмат разоў станавілася прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы, перамагала на этапах Кубка свету, Універсіядзе і Сусветных гульнях. У 2015 годзе атрымала званне заслужанага майстра спорту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0