Сымптаматычнымі і небясьпечнымі назвалі ўдзельнікі праграмы «Беларусь-1» «Клюб рэдактараў» хвалю антыбеларускіх публікацый у расейскай мэдыясфэры.

«Калі пішуць, што Беларусь — недадзяржава, беларусы — не нацыя, хіба гэта не мэтанакіраваная дэзінфармацыя з мэтай дэстабілізацыі дзяржавы?», — задаўся пытаньнем старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Ён згадаў скандальныя заявы Леаніда Рашэтнікава, які публічна заявіў аб штучнасьці беларускай мовы і дзяржаўнасьці

«Ну збалбатнуў нешта пэнсіянэр, ну паказаў сябе поўным дылетантам — ну што з таго? Балбатуноў хіба не сустракалі? А можа гэта не дакараць трэба, а ўводзіць крымінальную адказнасьць?», — адзначыў ён.

Рэдактар «СБ-Беларусь сегодня» Павал Якубовіч у сваю чаргу заявіў, што крымінальную адказнасьць можа ўводзіць і ня варта, але ў згаданых публікацыях ён бачыць пэўную тэндэнцыю.

«Рашэтнікаў — гэта вельмі высокапастаўлены пэнсіянэр маскоўскі, генэрал-лейтэнант нейкіх спэцслужбаў. Гэты чалавек швэндаецца па сур'ёзных прыёмных. Я не думаю, што тое, што ён робіць, кладзецца на стол Пуціну або Патрушаву — гэта глупства. Але ўражаньне ствараецца, што ў нейкіх уладных калідорах ён бывае і нейкія плёткі слухае. Таму заява, што беларуская мова зьявілася толькі ў 1926 годзе… Ён мабыць рэтрансьлюе нейкія думкі, мабыць, гэта на нейкім узроўні ў Маскве падаграваецца думка такая. Згадаем і «Регнум» (гэта таксама не з паветра бярэцца), цяпер гэтую заяву і іншыя заявы ў расейскай благасферы»

На думку Якубовіча, падобныя публікацыі маюць адначасова і станоўчы эфэкт у грамадзтве: «Агульная кансалідацыя адбылася — ну ня трэба нас абражаць!».

Давыдзька назваў такія выказваньні, якія гучаць у Расеі, «сымптаматычнымі і нават небясьпечнымі».

«Калі гэта кажа выведнік, хоць і былы, які мае доступ у нейкія кабінэты, значыць ён выказвае нечы пункт гледжаньня. І на гэтую тэму трэба гаварыць з нашымі братамі-расейцамі, і трэба ставіць кропкі над «і» — хлопцы, нельга так, трэба паважаць адзін аднаго!», — упэўнены ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?