Ад 10 ліпеня цэнтар гораду абвешчаны «рэжымнай зонай»: трапіць туды можна толькі праз кантрольна‑прапускны пункт, абсталяваны металашукальнікамі.

Адмысловыя меры бясьпекі ўведзеныя з нагоды фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», які распачнецца заўтра ўвечары і будзе працягвацца да 18 ліпеня.

Праз абласныя газэты жыхароў і гасьцей Віцебска папярэдзілі, што кожны, хто кіруецца ў раён летняга амфітэатру і іншых канцэртных пляцовак пасьля 16‑й дня, мусіць прайсьці асабісты кантроль. Яго будуць ажыцьцяўляць міліцыянты ў 5‑ці спецыяльна абсталяваных КПП.

Не прапусьцяць мінакоў зь вялікімі сумкамі, а таксама з любога кшталту прадметамі, падобнымі да зброі — да прыкладу, з цацачнымі дзіцячымі аўтаматамі ці сувэнірнымі запальнічкамі, стылізаванымі пад пісталет. На тэрыторыі рэжымнай зоны забаронена ўжываць сокі ў пакетах і любыя іншыя напоі ў непразрыстых бутэльках. За межы фестывальнага цэнтру вынесеныя ўсе транспартныя прыпынкі, не змогуць трапіць сюды і прыватныя аўтамашыны.

Пасьля выбуху ў Менску ў мясцовым грамадзкім транспарце расклеілі абвесткі, у якіх рэкамэндавана зьвяртаць увагу на ўсе падазроныя прадметы — пакінутыя без нагляду сумкі, скрынкі, асабліва калі яны маюць «нехарактэрныя элемент», да прыкладу, калі да іх прымацаваны дрот або элемент электрычнага сілкаваньня. Выклікаць у падобных выпадках міліцыю раяць таксама ў вусных абвестках на віцебскіх вакзалах і кірмашах. Грамадзянам абяцаюць, што супрацоўнікі міліцыі зьявяцца цягам сямі хвілін.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0