У сувязі з масавымі нематываванымі арыштамі і кампаніяй паклёпу Прэзыдыюм Аб’яднаных дэмакратычных сілаў праводзіць тэрміновае пасяджэньне. Чакаецца размова пра байкот парлямэнцкіх выбараў.
«Мы будзем гаварыць пра зьмену фармату нашага ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Канчатковае рашэньне можа прыняць толькі Палітычная рада. Але ёсьць ужо дастаткова падставаў, каб сабраць у бліжэйшы час Палітраду і разглядаць зьмену нашага фармату ўдзелу ў выбарчай кампаніі», – паведаміў Анатоль Лябедзька перад пачаткам пасяджэньня.
У сталіцы разгарнуліся масавыя арышты пад шумок пошуку тэрарыста. Арыштоўваюць самых актыўных і маладых сяброў розных палітычных партый і групаў.
Былі арыштаваныя Ілья Богдан з Моладзі БНФ, Антон Койпіш — палітвязень па Справе 14‑ці, Павал Кур’яновіч з «Эўрапейскай Беларусі», Сяргей Высоцкі з Партыі Свабоды, Міхась Пашкевіч, Аляксандар Сяргеенка з АГП і іншыя юнакі і дзяўчаты. Доказам «падазронасьці» служыць наяўнасьць у доме цьвікоў.
На прэс-канфэрэнцыі ў пятніцу праваабаронца Алесь Бяляцкі выказаў шкадаваньне з нагоды, што Лукашэнка пачаў «паляваньне на вядзьмарак». Мы маем паліцэйскую дзяржаву, якая цудоўна праслухоўвае тэлефоны актывістаў апазыцыі, але абсалютна ня здольная змагацца з сапраўдным тэрарызмам, зазначыў сп. Бяляцкі. На яго думку, тое, як вядзецца сьледзтва, дазваляе казаць пра разгортваньне палітычнага тэрору ў краіне. Пацьверджаньнем таму — арышт выключна былых і дзейсных сяброў апазыцыйных палітычных арганізацый. Праваабаронца дадаў, што ўсё гэта вельмі паказальна кладзецца на будучую выбарчую кампанію, бо частка арыштаваных зьяўляецца яе актыўнымі ўдзельнікамі.
Маці арыштаваных Сяргея Чыслава і жонка Міраслава Лазоўскага дзяжураць каля турмы. Усяго ўвязьнілі прынамсі 14 чалавек зь сямі розных партый і суполак. Доказам "падазронасьці" служыць наяўнасьць у доме цьвікоў. |