Масавыя арышты пад шумок пошуку тэрарыста: у турме аказаліся Ілья Богдан з Моладзі БНФ, Антон Койпіш — палітвязень па Справе 14‑ці, Павал Кур’яновіч з «Эўрапейскай Беларусі», Сяргей Высоцкі з Партыі Свабоды, Міхась Пашкевіч, Аляксандар Сяргеенка з АГП. Доказам «падазронасьці» служыць наяўнасьць у доме цьвікоў. Праваабаронцы і родныя затрыманых па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні выбуху ў ноч на 4 ліпеня правялі прэс‑канфэрэнцыю.

На сустрэчу з журналістамі прыйшлі жонка Міраслава Лазоўскага Ніна Шыдлоўская, маці Сяргея Чыслава Галіна, сястра Паўла Кур’яновіча Паліна, а таксама праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі, Людміла Гразнова.

В. Стэфановіч паведаміў, што на дадзены момант колькасьць затрыманых па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні выбуху ў ноч на 4 ліпеня складае 14 чалавек. Гэта Сяргей Высоцкі, Павал Кур’яновіч, Сяргей Чыслаў, Міраслаў Лазоўскі, Ільля Богдан, Антон Койпіш, Віктар Ляшчынскі, Тацяна Пекун, Ігар Корсак, Аляксандар Сяргеенка, Міхась Пашкевіч, Кірыла Паўлоўскі, Віталь Стажараў і адзін невядомы пакуль праваабаронцам чалавек.


Маці арыштаваных Сяргея Чыслава і жонка Міраслава Лазоўскага дзяжураць каля турмы.
Усяго ўвязьнілі прынамсі 14 чалавек зь сямі розных партый і суполак.
Доказам "падазронасьці" служыць наяўнасьць у доме цьвікоў.

На думку Ніны Шыдлоўскай, сёньня можна казаць пра цэлую хвалю затрыманьняў.

«Паводле тых матываў, па якіх затрымалі гэтых людзей, можна арыштаваць усё дарослае насельніцтва краіны — ад простага аўтааматара да хатняй гаспадыні», — падкрэсьліла яна.

Спн. Шыдлоўская лічыць, што сьледзтва намагаецца забіць адразу двух зайцоў — запалохаць апазыцыю і прадэманстраваць актыўнасьць у справе расьсьледаваньня здарэньня. Яна заявіла, што звароты да кіраўніцтва МУС наконт таго, чаму затрыманьні ладзіць КДБ у той час, як справа кваліфікаваная як злоснае хуліганства і знаходзіцца ў выключнай юрысдыкцыі міліцыі, ня маюць адказаў. Затое, па словах Н. Шыдлоўскай, прагаварыўся начальнік управы КДБ па Менску і Менскай вобласьці, які заявіў, што затрыманых былых сяброў «Белага легіёну» належыць праверыць на датычнасьць да незарэгістраванай дэструктыўнай арганізацыі. Паводле праваабаронцаў, той камэнтар пасьля зьнік і больш ня згадваецца.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі выказаў шкадаваньне з нагоды, што Лукашэнка пачаў «паляваньне на вядзьмарак». Мы маем паліцэйскую дзяржаву, якая цудоўна праслухоўвае тэлефоны актывістаў апазыцыі, але абсалютна ня здольная змагацца з сапраўдным тэрарызмам, зазначыў сп. Бяляцкі. На яго думку, тое, як вядзецца сьледзтва, дазваляе казаць пра разгортваньне палітычнага тэрору ў краіне. Пацьверджаньнем таму — арышт выключна былых і дзейсных сяброў апазыцыйных палітычных арганізацый. Праваабаронца дадаў, што ўсё гэта вельмі паказальна кладзецца на будучую выбарчую кампанію, бо частка арыштаваных зьяўляецца яе актыўнымі ўдзельнікамі.


Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, абвінавачаньні на адрас затрыманых вельмі сур’ёзныя, бо асудзіць іх могуць паводле артыкулу, які прадугледжвае зьняволеньне да 10 гадоў.

«У нас ёсьць зьвесткі, што дзяжурныя адвакаты раяць затрыманым адказваць на ўсе пытаньні. І тады, маўляў, іх адпусьцяць дамоў. Гэта выклікае трывогу» — распавёў сп. Стэфановіч.

Ён дадаў, што ўсім затрыманым будуць прадстаўленыя новыя абаронцы. На сёньня ўсе падазраваныя атрымалі перадачы ад родных, у тым ліку і ўраджэнец Віцебскай вобласьці Віктар Ляшчынскі. Праваабаронца зазначыў, што на дадзены момант цяжка прасачыць сувязь апошняга інцыдэнту з падзеямі 2005 году ў Віцебску. Пры гэтым ён нагадаў пра Паўла Красоўскага з Жодзіна, на якога хацелі пачапіць адказнасьць за тыя выбухі, шантажуючы адказнасьцю за сэрыю забойстваў і згвалтаваньняў. Ёсьць небясьпека выкарыстаньня падобных мэтадаў і ў гэтай справе, перасьцярог В. Стэфановіч.

Праваабаронца Людміла Гразнова зьвярнулася да кіраўніцтва МУС, КДБ, Адміністрацыі прэзыдэнта і Міністэрства юстыцыі. Па яе словах, адказнасьць за цяперашнюю сытуацыю і пагрозу магчымага грамадзкага крызісу ляжыць і на гэтых структурах. Спн. Гразнова заклікала ўлады кіравацца выключна законам і Канстытуцыяй.

Паліна Кур’яновіч распавяла пра акалічнасьці затрыманьня свайго брата: учора ўвечары пасьля бясплённага дзьвюхгадзіннага ператрусу яго ўсё адно затрымалі. Справу вядзе сьледчы КДБ па асабліва важных справах. Паліна заклікала палітычныя партыі байкатаваць выбары і сканцэнтраваць сваю дзейнасьць на спыненьні перасьледу сваіх актывістаў.

Дзеля аб’ектыўнага і ўсебаковага расьледваньня да працы трэба падключыць староньніх спэцыялістаў, а таксама наладзіць паўнавартаснае асьвятленьне падзеяў у СМІ, упэўненыя родныя затрыманых і праваабаронцы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?