Ніна Шыдлоўская

Жонка затрыманага Міраслава Лазоўскага выказалася пра магчымыя прычыны масавага затрыманьня ўдзельнікаў няіснай ужо арганізацыі.

На адмысловай прэс‑канфэрэнцыі, зладжанай праваабаронцамі і роднымі затрыманых па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні выбуху ў ноч на 4 ліпеня, Ніна Шыдлоўская распавяла, што ўвага спэцслужбаў да сяброў «Белага легіёну» не спынялася да нашых дзён. Па яе словах, хоць арганізацыя даўно не існуе, яе мужа, а таксама ягоных сяброў, былых паплечнікаў, рэгулярна выклікалі на гутаркі, спрабавалі завэрбаваць, праслухоўвалі тэлефоны, адсочвалі іхнія кантакты і перамяшчэньні.

Не пазьбег такога лёсу, па словах спн. Шыдлоўскай, і Сяргей Чыслаў, які апошнія гады больш часу праводзіў у Маскве.

«Арганізацыі даўно няма, але яе ўдзельнікі засталіся сябрамі. Яны часам сустракаюцца разам на сьвяты» — распавяла яна.

Магчыма, гэта й прыцягвае ўвагу спэцслужбаў, мяркуе жанчына. Яна зьвярнула ўвагу на словы начальніка ўправы КДБ па Менску і Менскай вобласьці, які заявіў, што затрыманых былых сяброў «Белага легіёну» належыць праверыць на датычнасьць да незарэгістраванай дэструктыўнай арганізацыі. Цяпер, калі на людзей зь «Легіёну» сабраныя цэлыя тамы матэрыялаў, сьледчыя могуць рапартаваць начальству, што выкрылі дэструктыўную арганізацыю, кажа Н. Шыдлоўская. Яна падкрэсьліла, што дзейнасьць былой арганізацыі не насіла такога характару. Па словах жонкі Лазоўскага, гэта была суполка, што выступала за абарону і захаваньне сувэрэнітэту Беларусі. Да ўсяго, яе сябры прапагандавалі здаровы лад жыцьця. У гэтай сувязі спн. Шыдлоўская зьвярнулася да сьледзтва — чаму не правяраюцца іншыя спратова‑патрыятычныя арганізацыі, чыя дзейнасьць рэклямуецца нават у мэтро?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?