Прэзыдыюм АДС прыняў адмысловую заяву ў сувязі з масавымі нематываванымі арыштамі актывістаў палітычных партыяў і кампаніяй паклёпу, паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

У ёй гаворыцца, што ў выпадку далейшага разьвіцьця падзеяў па сцэнары, калі па надуманых прычынах арыштоўваюцца актывісты палітычных партыяў, зьмена фармату ўдзелу апазыцыі ў выбарчай кампаніі будзе непазьбежнай. Канчатковае рашэньне прыме Палітычная рада, якая, магчыма, зьбярэцца ў найбліжэйшы час.

Анатоль Лябедзька заявіў, што ня варта выключаць магчымасьці таго, што ўлады падштурхоўваюць сваімі дзеяньнямі дэмакратычныя сілы да пасьпешлівых і малапрадуманых крокаў. Мы мусім усё дзесяць разоў пралічыць, сказаў палітык, камэнтуючы магчымасьць байкоту апазыцыяй выбараў. На яго думку, цяпер усё робіцца для таго, каб апазыцыйныя партыі займаліся толькі высьвятленьнем лёсу сваіх затрыманых сяброў.

У заяве Прэзыдыюму АДС ёсьць таксама зварот да АБСЭ з просьбай часова ўстрымацца ад накіраваньня ў Беларусь сваіх назіральнікаў. У звароце да сусьветнай супольнасьці лідэры АДС усклалі частку віны за сёньняшнія падзеі ў нашай краіне на тых эўрапейскіх палітыкаў, якія дзеля нязначных эканамічных саступак афіцыйнага Менску гатовыя заплюшчыць вочы на брутальнае парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

Акрамя таго, кандыдаты на парлямэнцкія выбары ад Менску выступілі з ініцыятывай зладзіць у панядзелак увечары на Кастрычніцкай плошчы акцыю салідарнасьці з затрыманымі ў сувязі з падазрэньнем у зьдзяйсьненьні выбухаў у ноч на 4 ліпеня.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0