Гэты тэкст — маналог дзяўчыны, якая жыве ў Мінску. Яе зваць Аляксандра Гушча. Ёй 29 гадоў. Яна працуе тэхнічным пісьменнікам у найбуйнейшай беларускай ІТ-кампаніі. Мае айфон, айпэд, котку, фотаапарат, арбалет, татуіроўкі на целе і яшчэ шмат чаго. Яна шмат пераязджае з кватэры на кватэру. Яе лад жыцця — амаль такі самы, як і ў тысяч «трыццацігадовых» беларусаў. 15 гадоў таму пра гісторыю Сашы пісала ўся беларуская прэса, але прайшоў час, яна вырасла і цяпер сама можа расказаць сваю гісторыю.

«Мае бацькі прыехалі ў Мінск з вёскі. Мама з Калінкавіч. Тата з вёскі Паташня, гэта Чарнобыльская зона. Вёску пазней рассялілі. Я — трэцяе дзіця ў сям’і. Жылі мы ў той час у палове прыватнага дома ў Лошыцы. На той час гэта быў добры варыянт для прыезджых.

Саша збіраецца на працу ў офіс у сваёй старой здымнай кватэры. Чэрвень 2012.

Саша збіраецца на працу ў офіс у сваёй старой здымнай кватэры. Чэрвень 2012.

Падрыхтоўка да пераезду ў чарговую кватэру. Чэрвень 2012.

Падрыхтоўка да пераезду ў чарговую кватэру. Чэрвень 2012.

Але дом быў стары, старыя камунікацыі. Старая праводка…

Калі мне было 11 месяцаў, тата быў на працы, браты-сёстры — у школе, мама — вешала бялізну ў двары… У доме пачаўся пажар — кароткае замыканне… Пачала выбухаць тэхніка. Моцны пажар. Загарэўся дах. Я спала ў вазку на верандзе… На вазок упала бэлька са столі… У мамы здарыўся інфаркт, яна ўпала проста на вуліцы…

Здымак у кватэры Аляксандры (яна — ў цэнтры) з сястрой і братам за некалькі месяцаў да пажару.

Здымак у кватэры Аляксандры (яна — ў цэнтры) з сястрой і братам за некалькі месяцаў да пажару.

Сусед, які пабачыў пажар, выбіў шкло, ускочыў у дом і выцягнуў мяне ў вазку. У мяне абгарэла не шмат з тулава… Толькі галава і рукі, якімі я, дзіця, інстынктыўна прыкрыла сабе твар.

Дактары потым казалі, што толькі так я захавала сабе зрок. Апёкі былі 4-й ступені да асмальвання… Пальцы ў руках дактароў рассыпаліся… Абгарэлі косткі чэрапа…

Раніца. Саша разам са сваім маладым чалавекам. Пасля яны разыйдуцца. Чэрвень 2012.

Раніца. Саша разам са сваім маладым чалавекам. Пасля яны разыйдуцца. Чэрвень 2012.

Аляксандра з вазком у краме. Чэрвень 2012.

Аляксандра з вазком у краме. Чэрвень 2012.

Саша падчас шпацыру ва Уруччы. Красавік 2014.

Саша падчас шпацыру ва Уруччы. Красавік 2014.

Дактары першыя паўгода не давалі мне шанцаў на жыццё. Яны і самі не верылі, што нешта будзе. Я бязвылазна жыла ў лякарні — некалькі гадоў.

Дактары казалі, што ў мяне няма шанцаў на адэкватнае жыццё. Нягледзячы на гэта, я расла як звычайнае дзіця. У 3 гады я чытала па складах…

Мама пачала пісаць лісты ў газеты і інстанцыі. Адзін з найважнейшых лістоў называўся «Дайце тату зарабіць». Яго апублікавалі ў Ленінградзе (на той час). Мама прасіла, каб майму тату проста далі добрую працу, каб былі грошы на маё лячэнне. Гэтую газету пабачыла адна доктарка з амерыканскай дзіцячай бальніцы «Шрайнэрс хоспітал» штата Арэгон. І нам даслалі пакет дакументаў і запрашэнне на лячэнне.

Выразкі з газет, у якіх пісалі пра гісторыю дзяўчынкі з Беларусі, у кватэры матулі Сашы — Наталлі Рыгораўны.

Выразкі з газет, у якіх пісалі пра гісторыю дзяўчынкі з Беларусі, у кватэры матулі Сашы — Наталлі Рыгораўны.

Увогуле, мяне шмат вазілі на кансультацыі ў Маскву і Піцер да пластычных хірургаў, у храмы, да бабак-шаптух, да цудатворных ікон… Відаць, гэта быў апошні шанец для маіх бацькоў.

Умовы лячэння ў ЗША былі такімі: нам даюць фінансаванне толькі на аперацыі. Жыллё, харчаванне, лекі — за наш кошт. Мая мама пачала «хаджэнне па пакутах». Яна абыходзіла заводы, фірмы, фонды, прыватнікаў з просьбай аказаць дапамогу на маё лячэнне. У яе ў руках былі стосы выразак з газет.

Шмат дзе ёй прапаноўвалі проста ад мяне адмовіцца і здаць у інтэрнат…

Саша ідзе на працу. Уручча. Ліпень 2014. 

Саша ідзе на працу. Уручча. Ліпень 2014. 

У суме на сёння мой лічыльнік складае 39 аперацый. Першыя 8 аперацый былі зроблены ў Беларусі… Трэпанацыя… Ампутацыя пальцаў… Перасадка скуры… Яе бралі з ног, перасаджвалі на рукі, на твар… Большасць шнараў на маіх нагах — гэта наступствы перасадкі скуры.

У ЗША мне рабілі «хірургічную рэканструкцыю». У мяне не было носа. У дзяцінстве я выглядала як Волан-дэ-Морт з «Гары Потэра». У мяне быў плоскі твар і ноздры… Цяпер я магу пра гэта казаць… Мой нос зрабілі са скуры з ілба. У мяне доўгі час не было верхняй губы. Мне перасаджвалі часткі скуры на твар — проста перасаджвалі скуру з ног і сшывалі рот, каб зраслася і сфармавалася губа… Гэта было ўжо ў ЗША. Зашывалі вочы, каб скура прыжылася на твары… Я вельмі баюся страціць зрок…

На працы ў офісе. Чэрвень 2012.

На працы ў офісе. Чэрвень 2012.

Саша выходзіць з кватэры сваёй маці. Малюнкі ў пад'ездзе малявала яна ў малодшым узросце. Красавік 2014.

Саша выходзіць з кватэры сваёй маці. Малюнкі ў пад'ездзе малявала яна ў малодшым узросце. Красавік 2014.

На жываце выразалі скуру і пад яе зашывалі руку на некалькі дзён, каб там нарастала мышачная тканка… Спачатку адну руку. Потым другую. Гэта было вельмі балюча. Я ледзь не звар’яцела.

Перавязкі — проста жах. Я крычала і білася ў істэрыцы, а на калідоры бальніцы тое ж рабіла мая мама… Пасля гэтага мне прапісвалі фенабарбітал. Гэта змрочныя ўспаміны.

ЗША: украінцы

Праз беларускі чарнобыльскі фонд нам знайшлі жанчыну, якая вывозіла групы сіротаў для ўсынаўлення ў ЗША. Яна дала нам 100 даляраў, знайшла квіткі, праз даведнік у бібліятэцы Портланда знайшла рускамоўнага чалавека і папрасіла яго прыняць нас. Яна сказала яму: вам прывязуць «беларушн сувенірз».

Саша на ўскраіне Мінска займаецца стральбой з арбалета. Жнівень 2014.

Саша на ўскраіне Мінска займаецца стральбой з арбалета. Жнівень 2014.

Калі мы прыехалі, ён даведаўся, што ў нас курс лячэння на 7 гадоў… Гэта яго не ўсцешыла. Сям’я Хілман. Людзі не вельмі добра нас прынялі. Мы жылі ў невялікім пакойчыку ў іх падвале, нам нельга было адтуль выходзіць. Нам нельга было падымацца на другі паверх дома…

Але былі і свае плюсы. Жонка гэтага чалавека вучылася быць педагогам англійскай для замежнікаў. Яна на мне трэніравалася. Такім чынам я вывучыла англійскую. Я ўдзячная гэтаму выпадку.

Шпацыр на Нямізе. Чэрвень 2012.

Шпацыр на Нямізе. Чэрвень 2012.

Гэтая сям’я была пабожнымі пратэстантамі. Там быў вялікі прыход з эмігрантаў з былога СССР. Мы таксама туды хадзілі. Людзі пачалі заўважаць нас. Яны пачалі задаваць пытанні, як нам жывецца ў гэтай сям’і…

Калі яны зразумелі, што нам не вельмі лёгка, нам пачалі дапамагаць. Збольшага гэта была ўкраінская дыяспара. Пасля пра нас даведалася арэгонская прэса. Пра нас пачалі пісаць і нам сталі дапамагаць. Былі акцыі, рэпартажы, збор сродкаў. Адна ўкраінская сям’я забрала нас да сябе на некалькі месяцаў. Гэта была сям’я Дуршпек— Людміла і Альфрэд. Пасля мы з’ехалі ў Беларусь, але яшчэ шмат разоў прыязджалі на аперацыі ў ЗША.

Беларусь: інтэграцыя

Мае бацькі хацелі, каб я вучылася дома. 1—2 клас я была на хатнім навучанні. Мой першы настаўнік — Элеанора Уладзіміраўна. Яна вельмі моцна мне дапамагла ў інтэграцыі ў беларускае грамадства. Яна падтрымала маю цікавасць да школы — на ўроках расказвала маім аднакласнікам пра мяне. І яны самі запрасілі мяне ў школу. Пазнаёміцца. З 3-га класа я пайшла ў школу па-нармальнаму.

Чарговы пераезд у іншую кватэру. Чэрвень 2016.

Чарговы пераезд у іншую кватэру. Чэрвень 2016.

Пасля школы я паступіла ў Лінгвістычны каледж у Мінску. Мы вярнуліся з апошняй паездкі ў ЗША, мне споўнілася 20 гадоў і мяне больш там не маглі лячыць. Каб не сядзець дома, я пачала шукаць працу. Я не магла ўладкавацца афіцыянткай ці круп’е — вы разумееце чаму…

Пасля я пачала працу ў сферы ІТ у якасці тэхнічнага пісьменніка.

Выходны дзень. Аляксандра ў сваёй новай здымнай кватэры. Ліпень 2016.

Выходны дзень. Аляксандра ў сваёй новай здымнай кватэры. Ліпень 2016.

З маім выглядам мяне бралі толькі на аддаленую працу, бо «ў офіс прыходзяць кліенты, яны глядзяць, як мы працуем»… Пасля я пайшла на курсы тэсціроўшчыкаў. Кіраўнікі пабачылі, што я добра ведаю англійскую, і напрыканцы стажыроўкі мяне адразу запрасілі на работу тэхнічным пісьменнікам у найбуйнейшую кампанію Беларусі.

Я шмат падарожнічала. Адрозненне стаўлення да інвалідаў у Беларусі такое — на мяне шмат вытарэшчваюцца дарослыя. У ЗША за два тыдні такое было толькі адзін раз. І тое гэта была адна дзяўчынка. А ў Беларусі… Яны аблепліваюць цябе, як смецце, сваімі поглядамі… Калі я гэта зразумела… Менеджар з ЗША, які шмат ездзіць у Беларусь і з якім я працую ў межах праектаў, кажа, што ён бачыць мала інвалідаў на вуліцах Мінска. Ён думае, што беларусы здаравейшыя як нацыя. Наіўны.

Саша падчас фотасесіі ўдзельнікаў касплэю ў Мінску. Ліпень 2016.

Саша падчас фотасесіі ўдзельнікаў касплэю ў Мінску. Ліпень 2016.

У нейкі момант я зразумела, што быць не такой, як усе — дрэнна. Гэта адбылося ў школе. Мне хацелася падабацца хлопчыкам. З табой сябруюць, цябе цэняць, але як дзяўчыну проста не ўспрымаюць. Гэта і цяпер нявесела, але сёння я стаўлюся да гэтага спакайней.

Аляксандра працуе ноччу за камп'ютарам. Чэрвень 2012. 

Аляксандра працуе ноччу за камп'ютарам. Чэрвень 2012. 

Аднойчы ў мяне былі адносіны, яны працягваліся больш за тры гады, але потым усё скончылася. Быў і яшчэ адзін малады чалавек, але ўсё завяршылася вельмі сумна для мяне.

На жаль, гэты рамантычны досвед дастаткова паламаў мяне, сапсаваў стаўленне да сябе і да жыцця. Прайшло нямала часу, перш чым я гэта перажыла.

Апошнія 10 гадоў я наведваю розныя касцюмаваныя фэсты, сама актыўна цікаўлюся касплэем (стварэнне касцюмаў і грыму на папулярных герояў кіно і літаратуры). Амаль на кожным такім мерапрыемстве знаходзіцца хаця б адзін чалавек, які кажа «Ваў, класны грым!», гледзячы на мой твар без грыму. Вядома, гэта выклікае дзіўныя эмоцыі…

Увогуле, у жыцці кожнага інваліда бывае сітуацыя, калі ты проста перарастаеш той дзіцячы момант, калі ўсе цябе шкадуюць.

У той час усе табе дапамагаюць ці прымазваюцца да тваёй гісторыі — хтосьці для самапіяру. А пасля ты вырастаеш і ўжо не выклікаеш шкадавання, як «малое беднае дзіцё». Ты — дарослы. І цябе проста забываюць. Нешта падобнае было і са мной.

Замест таго, каб сядзець, шкадаваць сябе і думаць пра тое, што жыццё не ўдалося, я спрабую змяняць нешта сама.

Ніхто не абавязаны прыйсці і зрабіць вас шчаслівымі — гэта цалкам ваша праца і адказнасць. Не спыняйцеся і не здавайцеся, каб потым мець магчымасць сумленна сказаць сабе: «Я зрабіў усё, што мог, я жыў максімальна поўным жыццём. Я ні пра што не шкадую».

Пакой Аляксандры ў здымнай кватэры. На падлозе — агромністы малюнак. Ліпень 2016.

Пакой Аляксандры ў здымнай кватэры. На падлозе — агромністы малюнак. Ліпень 2016.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0