Выбух 4 ліпеня падарваў успрыманьне ўлады як ўсёмагутнай і ўсёпранікальнай. Таксама стала відавочным, што ўлада ня ўмее спраўляцца зь нестандартнымі сытуацыямі, а сілавыя структуры жудка непрафэсійныя. Піша Віталь Сіліцкі.

Тое, што адбылося ў Менску, нечым нагадвае авантуру адмарозкаў з брытанскіх таблоідаў, якую яны неяк учынілі ў лёнданскім аэрапорце Хітроў. Некалькі урвісаў стварылі муляжы выбуховых прыстасаваньняў і здолелі, нягледзячы на ўсе меры перасьцярогі ў аэрапорце, пранесьці іх на борт самалёта. Натуральна, жыцьцю людзей нічога не пагражала, але інфармацыйны эфэкт быў максымальным — грамадзтву было даведзена, што ўся валтузьня вакол бясьпекі авіярэйсаў пасьля 11 верасьня 2001 году — гэта, па вялікім рахунку, пшык, бо няма такіх сыстэмаў кантролю, якія немагчыма было б абысьці.

Аналёгія з выбухам 4 ліпеня відавочная — справа ня ў тым, колькі пралілося крыві, а ў нахабнасьці і цынічнасьці таго, што адбылося. Канечне, такая аналёгія будзе крыху нацягнутай, бо людзі 4 ліпеня ў Менску маглі рэальна загінуць. Аднак, калі меркаваць па тым, як прафэсійна была мінімізавана такая магчымасьць канструкцыяй бомбы, можна лёгка прыйсьці да высновы, што менавіта на інфармацыйны эфэкт, на шок ад пранікненьня, і разьлічвалі арганізатары і замоўцы тэракту. Задачай быў сыгнал, адрасатам якога мог быць і прэзыдэнт, і беларуская эліта, і сілавікі, і грамадзтва, і ў прынцыпе, усе яны разам. А раз сыгнал паслаць удалося, то можна зрабіць некалькі высноваў аб сучаснай Беларусі, аб якіх мы раней толькі здагадваліся.

Па‑першае, дзеяньні зламысьнікаў сур’ёзна падарвалі ўспрыманьне беларускай улады як ўсёмагутнай і здольнай кантраляваць літаральна ўсе аспэкты жыцьця беларусаў. Калісьці прэзыдэнт адкрыта намякаў, што ведае нават, пра што размаўляюць у спальнях ягоныя чыноўнікі, і кажуць, што менавіта на такіх размовах некаторыя галовы і паляцелі. Калі гэтая сыстэма віжаваньня і насамрэч настолькі разьвітая, то спэцслужбам можна толькі параіць тэрмінова спыніць перасьлед апазыцыйных актывістаў у сувязі з справай 4 ліпеня — іначай давядзецца расьпісвацца сама меней ва ўласным злачынным бязьдзеяньні.

Мы ня будзем спрачацца са сьцьвярджэньнем прэзыдэнта аб тым, што выбух ня быў скіраваны супроць яго, але ўзарваць бомбу ў 50 мэтрах ад прэзыдэнта і ня мець на мэце даслаць яму якоесь пасланьне было б проста неразумна. А раз так, то мы проста ня можам не падумаць пра існаваньне магутных ценевых структураў, якія асабліва ня сьвецяцца і ад якіх у Беларусі насамрэч залежыць ня меней, чым ад афіцыйна існуючай вэртыкалі ўлады. Цалкам магчыма, што ніці ад гэтых структураў цягнуцца на Ўсход — толькі там можа быць «крыша», якая магла б даць гарантыі бясьпекі арганізатарам і выканаўцам настолькі нахабнай выхадкі. Высьвятляюць гэтыя ценявыя структуры пытаньні ўлады альбо ўласнасьці — справа ўжо іншая. Важна тое, што яны паказалі сваю здольнасьць дабрацца куды заўгодна.

Па‑другое, улада прадэманстравала, што адзінства ў яе шэрагах асабліва не назіраецца. Рэакцыя першых асобаў дзяржавы на падзею неяк лягічна ўпісалася ў тыя вэрсіі, што распаўсюджваліся незалежнымі аналітыкамі аб магчымых лініях супрацьстаяньня ўнутры сыстэмы і якія так асьмейваліся саноўнымі прапагандыстамі, што ўвесь час наравілі назваць сваіх калег па той бок барыкадаў то пікейнымі жылетамі, то дылетантамі. Дый адхіленьне другой і трэцяй асобы ў дзяржаўнай гіерархіі, у прынцыпе, на падставе толькі таго факту, што іх не было побач з кіраўніком дзяржавы падчас сьвяточнага канцэрту, паказвае наколькі моцная ўнутры сыстэмы атмасфэра недаверу і падазронасьці.

Па‑трэцяе, стала відавочным, што беларускай уладзе надзвычай складана спраўляцца зь нестандартнымі сытуацыямі, хаця яна і спрабуе вучыцца. Хаця званочак сёлета ўжо быў у выглядзе абуральнай бесталковасьці ўладаў пры тым, што пазьней назвалі «жывым шчытом». Але там было некалькі машынаў на трасе, а тут сотні тысяч людзей. Тым, хто ведае, як апэратыўна працуюць службы забесьпячэньня такіх масавых мерапрыемстваў, скажам, у Кіеве падчас шматтысячных канцэртаў на Майдане, пацьвердзяць, што вось там эвакуяваць падобнага памеру натоўп на працягу невялікага кавалку часу было б справай тэхнікі. Гэтых навыкаў у беларускіх службаў парадку проста не накапілася. Цана «стабільнасьці», пры якой галоўная стратэгія падтрыманьня парадку — гэта запалохваньне, а верхам доблесьці лічыцца разгон некалькіх сотняў недабітых інтэлігентаў — непрафэсіяналізм уладных структураў у форс‑мажорных сытуацыях.

Ва ўлады выпрацаваўся своеасаблівы альгарытм дзеяньняў — пры першым сутыкненьні зь невядомым — цалкам саўковае рэагаваньне, імкненьне замаўчаць праблему. Аднак, калі сытуацыя паўтараецца, наступным разам робіцца спроба дзейнічаць больш цывільна, нават, можна сказаць, па‑эўрапейску. Вось, скажам, насьмецілі фанаты на Кастрычніцкай плошчы адзін раз — у другі ўжо апэратыўна падагнаныя камунальныя службы, каб ліквідаваць бедлам за пяць хвілін. У наступны мо і фан‑фэст абсталююць па ўсіх правілах…

Па‑чацьвертае, падзеі 4 ліпеня пацьвердзілі, што, як гэта ні дзіўна, але ва ўсёмагутнай беларускай улады няма манаполіі на інфармацыю. Гэта ня значыць, што яна ўжо няздольная апрацоўваць прыблізна палову грамадзтва, якая арыентуецца на дзяржаўныя СМІ і цалкам ім давярае. Аднак у час інтэрнэту, блогаў, мабільнай сувязі замаўчаць нешта маштабнае і важнае ўжо немагчыма. У ЖЖ‑стужках былі паведамленьні і здымкі ўжо праз гадзіну, інфармацыйныя агенцыі пачалі перадаваць неадфільтраваную інфармацыю, камэнтары і заявы апазыцыйных партыяў былі растыражаваныя да таго, як улада сышлася на ўзгодненай вэрсіі падзеяў. У выніку ўлада, відавочна, вырашыла, што калі п’янку немажліва перадухіліць, трэба яе ўзначаліць, і стала пастаўляць інфармацыю праз свае каналы, хаця тэндэнцыя замоўчваньня на ранак 4 ліпеня была відавочнай.

Дарэчы, менавіта гэтая інфармацыйная адкрытасьць прыводзіць да таго, што «павесіць» адказнасьць за падзеі на крайніх будзе надзвычай складана. Адна справа — стварыць упэўненасьць у электарату, што да выбухаў мае дачыненьне апазыцыя. Зусім іншае — рызыкнуць і давесьці справу да працэсу, да якога будзе прыкавана міжнародная ўвага, на якім, у выпадку няўдалай арганізацыі, абвінавачваныя могуць ператварыцца ў абвінаваўцаў. Разруліць сытуацыю, улічваючы рэзананс ад выбуху і груз нераскрытых віцебскіх свавольстваў, будзе надзвычай складана. З аднаго боку, і ўладзе трэба знайсьці сапраўднага падбухторшчыка тэракту — у гэтым, як ні дзіўна, яе інтарэсы з апазыцыяй супадаюць. Але ці адважыцца яна на гэта?

Нарэшце, рэакцыя ўлады на падзеі (а менавіта, вызначэньне вэктара пошуку вінаватых) паказвае, што ўнутры ўлады, мякка кажучы, не да канца сфармавалася разуменьне рэальных пагрозаў, што ўзьнікнуць перад сыстэмай у будучыні. Увесь удар прыпаў, па вялікім рахунку, на ветракі, створаныя прапагандай для нагнятаньня атмасфэры нянавісьці да палітычных апанэнтаў. Але інфармацыйны ўдар быў нанесены цалкам рэальнымі і значна больш прафэсійнымі супернікамі, якія нікуды ня зьнікнуць, нават калі пасадзіць у КПЗ усю апазыцыю. Падобна, што гэта проста не ўсьведамляецца беларускімі спэцслужбамі. Нэрваў і крыві апазыцыі можна псаваць колькі заўгодна, але менавіта гэтая імітацыя інтэнсіўнага бегу на месцы, а не мітычныя баевікі, нясе сёньня найбольшую пагрозу крыштальнаму сасуду, па якім так паказальна ўрэзалі гайкамі.

Віталь Сіліцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0