МЗС Беларусі разлічвае на крокі ў адказ пасля ўвядзення бязвізавага ўезду на тэрмін не больш за 5 сутак праз Нацыянальны аэрапорт Мінск для грамадзян з 80 дзяржаў, у тым ліку краін ЕС. Пра гэта заявіў журналістам начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Беларусі Ігар Фісенка, паведамляе БелТА. 

«Візавыя правілы ЕС устаноўленыя рашэннем 28 дзяржаў, і даволі складана разлічваць на тое, што яны будуць неяк змененыя ў залежнасці ад рашэння Беларусі — аднаго з суседзяў ЕС. У той жа час мы спадзяёмся, што Еўрапейскім саюзам гэтае рашэнне будзе прынятае да ведама і будуць зробленыя нейкія сустрэчныя крокі ў кірунку развіцця кантактаў паміж Беларуссю і ЕС», — сказаў Ігар Фісенка.

Ён нагадаў, што на працягу апошніх некалькіх гадоў Беларусь паслядоўна ішла да гэтага кроку. Спачатку было прынятае рашэнне аб устанаўленні бязвізавага ўезду ў Белавежскую пушчу, а затым — у рэгіён, які прылягае да Аўгустоўскага канала. «У якасці вянца гэтага працэсу было рашэнне, якое адкрывае фактычна ўсю краіну для бязвізавага ўезду», — рэзюмаваў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падпісаў указ №8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0