6-пакаёвы будынак у Моталі каштуе ўсяго 15 тысяч даляраў.

Бацькоўская хата першага прэзыдэнта Ізраілю Хаіма Вэйцмана знаходзіцца на Палесьсі, у мястэчку Моталь. Пра продаж дома за 15 тысяч даляраў заявіла некалькі месяцаў таму цяперашняя ўладальніца — пэнсіянэрка Алена Пташыц. Пакупнікоў пакуль не знайшлося.

Першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман нарадзіўся ў Моталі ў 1874 годзе ў сям’і гандляра лесам. Кажуць, што якраз бацьку Хаіма, Эзэру Вэйцману, і належала ідэя гэтай будоўлі. Гаспадар хацеў, каб хата была высокая, прасторная. Акрамя будучага ізраільскага прэзыдэнта, у сям’і расьлі яшчэ 14 дзяцей.

Як і Хаім, усе яны атрымалі выдатную адукацыю ў Эўропе. Сам Вэйцман пасьля сканчэньня Пінскай гімназіі вучыўся ў Нямеччыне і Швайцарыі, быў прафэсарам хіміі ў Ангельшчыне.

У 1894 годзе сям’я Вэйцманаў зьехала з Моталя. Пазьней гаспадары ў іхным доме мяняліся неаднойчы. Пасьля вайны тут месьціліся розныя савецкія ўстановы. Дом неаднойчы перарабляўся, пры канцы 1970-х драўляны будынак перанесьлі з цэнтральнай вуліцы. Потым дом ізноў перавялі ў прыватны сэктар. Цяпер у ім шэсьць пакояў. Пры Вэйцманах было восем. Зьмянілася месца ўваходу, іншым стаў дах. Аднак тое-сёе засталося. Напрыклад, знадворныя шаляваныя сьцены, аздобленыя разьбою вокны...

Цяперашняя ўладальніца дому, пэнсіянэрка Алена Пташыц жыве ў хаце разам з маці. Дарослыя дзеці Алены разьехаліся па краіне. Яна ня ў стане ўтрымліваць гэтае вялікае збудаваньне.

Цана, якую называе Алена Пташыц, даволі звыклая, як на Моталь —15 тысяч даляраў. Ахвотных набыць хату пакуль так і не знайшлося. Аднак Алена ня траціць надзеі і верыць у добрага пакупніка. Тым больш што ў Моталь апошнім часам прыяжджае нямала гасьцей з Ізраілю.

“Калі, можа, дадуць болей за 15 тысяч, дык я вазьму і болей, — кажа Алена. — Вялікая хата. Мы яе падтрымліваем у парадку, бо жывем тут. А сюды едуць і едуць экскурсіі. Як габрэі, так і не габрэі”.

Дырэктарка мясцовага музэю Вольга Мацукевіч перакананая, што дзяржава пры жаданьні змагла б зрабіць з гэтага дома сапраўдную прынаду для турыстаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?