Калісьці падчас доўгай дарогі ў Вушачу распавёў Васіль Быкаў даўнюю гісторыю. З тых пасляваенных часоў, калі служыў ён на Далёкім Усходзе. Тамтэйшае кіраўніцтва рыхтавалася да вялікага савецкага свята. Нават з парадам мясцовага гарнізона.

А пачатак яго было вырашана адзначыць ажно трыма артылерыйскімі залпамі. Выканаць пачэсны абавязак загадалі батарэі капітана Быкава.

У патрэбны час ён вывеў гарматы на вызначаную пазіцыю. І ўбачыў, што пазіцыя тая занадта блізка ад трыбун, з якіх высокае начальства павінна прымаць парад. Падышоў да генерала, які кіраваў святочнай мітуснёй, і далажыў пра відавочную недарэчнасць. Генеральскі твар зраўняўся колерам з лампасамі: «Выконвайце загад!»

Дакладна ў прызначаны момант гаўбіцы далі першы залп. У цывільнага начальства, якое тоўпілася на трыбунах, шапкі нібы ветрам здзьмула. Зляцелі і папахі, непрыстойна агаліўшы камандныя лысіны. Генерал зароў на ўсю глотку: «Хто загадаў тут паставіць батарэю?!.»

Колькі прайшло ўжо гадоў, а мы ўсё яшчэ жывем у прасторы таго далёкаўсходняга анекдота. І тут выбуховая хваля ў эпіцэнтры казённага свята да непрыстойнасці агаліла кіруючыя лысіны. Сарвала папахі неверагоднай фанабэрыі. І ўсе ўбачылі, якія яны разгубленыя і палахлівыя. І ў цяжкія моманты — бездапаможныя.

І ўзнікла адразу тое ж праклятае генеральскае пытанне: хто?..

Уся магутная сілавая структура аж скаланулася ад жадання выслужыцца. І паімкнулася на пошук злачынцы. Але тут у іх службовым памкненні высветлілася нешта дзіўнае і нават недарэчнае. Яны, сілавікі, нібы не заўважылі або ўвогуле праігнаравалі абяцанне галоўнага начальніка не скарыстоўваць здарэнне на начным канцэрце як нагоду для расправы з апазіцыяй. Пайшлі па сваіх даўно пратаптаных сцежках. Менавіта на апазіцыю, а найперш на яе маладых актывістаў, скіравалі ўсю ўвагу неўтаймаваныя пінкертоны.

Няўклюдная, грувасткая сілавая сістэма, створаная палахлівым рэжымам, ужо колькі разоў пераканаўча дэманстравала грамадству сваю няздольнасць вырашаць элементарныя задачы аховы правапарадку. Вялізная колькасць рознага кшталту службоўцаў, якая тоўпіцца звычайна на ўсіх масавых мерапрыемствах, не змагла прадухіліць трагедыю Нямігі. Дванаццаць гадоў гэта магутная кагорта лавіла і не магла злавіць банду, якая тэрарызавала Гомель. А чаго вартая іх славутая аперацыя «Жывы шчыт»!

Вось разагнаць дубінкамі грамадзян, якія выйшлі адсвяткаваць Дзень волі, — гэта зусім іншая рэч. Са скуры вылезуць, а загад выканаюць старанна і маштабна. А знайсці сапраўднага злачынцу…

Не ўмеюць яны ратаваць і бараніць людзей. Як у таго Антошкі з мультыплікацыйнага фільма, у іх на ўсе пытанні адзін адказ: «Это мы не проходілі, это нам не задавалі!» Вось разагнаць дубінкамі грамадзян, якія выйшлі адсвяткаваць Дзень волі, — гэта зусім іншая рэч. Калі перад шыхтамі адкормленых дзецюкоў падлеткі, старыя ды дзяўчаты — тут яны героі! Са скуры вылезуць, а загад выканаюць старанна і маштабна. А знайсці сапраўднага злачынцу…

А як яго, увогуле, шукаць? З чаго пачынаць? Тужыліся доўга. Намалявалі нарэшце нейкі робат. Але такі атрымаўся ў выніку твор, што самім стала сорамна. І падаліся па даўно знаёмых адрасах — да апазіцыянераў. Найперш маладых. На вуліцы хапалі. Урываліся ў кватэры. Праводзілі ператрусы. Усё тыя ж даўно знаёмыя аблавы. Па старых, даўно знаёмых спісах. Хоць бы дзеля смеху якога скінхеда ці хулігана зачапілі — дзе там! Маскіроўцы сапраўдных намераў іх жа таксама ніхто не вучыў.

У Драгічыне мясцовыя гэбісты ўламіліся ў кватэру актывіста БНФ. Няйначай, чулі краем вуха, што галоўны начальнік пасля выбуху ў нейкім інтэрв’ю ўзгадваў гэтую палітычную структуру. А ў якім кантэксце — не істотна. І сутыкнуліся з прыкрай нечаканасцю. Актывіст, як высветлілася, амаль два гады ўжо на тым свеце. І на жорсткае чэкісцкае пытанне — а што рабіў у ноч усенароднага свята? — адказу даць не можа. Але хіба гэткая дробязь збянтэжыць нашчадкаў таварыша Фелікса?

На ўсялякі выпадак знялі адбіткі пальцаў ўдавы актывіста і ягонага пасынка. Не вяртацца ж з пустымі рукамі! Тым болей, што іх паплечнікі ў Мінску дэманстравалі вынікі прыкладна гэткія ж. У аднаго маладзёна знайшлі ў старой тумбачцы на балконе цвікі. Чым не здабыча? Вось толькі не здагадаўся ён купіць напярэдадні пакет таматнага соку. А то як бы яно ўсё цудоўна сышлося!..

Гарачае сёлета выпала лета. Спякота невыносная. У кіруючых галовах ужо закіпаюць мазгі. Набліжаюцца ўсяго толькі выбары ў палатку, якая нічога не вырашае і ні на што не ўплывае. А ўжо неверагодныя жарсці дэманструе ўлада.

Кобрынскі інжынер Аляксандр Мех здолеў запісаць на мабільнік прафілактычную размову, якую правялі з ім непасрэдны ягоны начальнік і мясцовы гэбіст. Стэнаграму той шчырай гутаркі варта было б выдаць асобнай кніжачкай. Накладам у дзесяць мільёнаў. І раздаць кожнаму ў гэтай краіне. Як некалі кожнаму кітайцу выдавалі цытатнік правадыра Мао. Пачытаеш — і зразумееш, дзе жывеш. Адукаваны інжынер, выдатны працаўнік і ўвогуле прыстойны чалавек паспрабаваў скарыстацца сваім канстытуцыйным правам абіраць і быць абраным. Не істотна, куды. Галоўнае — без кіраўнічага дазволу на тое. І адразу страціў працу. Ягоны начальнік у той размове напярэдадні выгнання дакладна патлумачыў інжынеру, чым усё скончыцца: «Ты будешь безработный просто‑напросто. Ты не будешь зарабатывать, на что ты будешь семью кормить? Частное дело ты не откроешь. В Кобрине на работу тебя никто не возьмет. Это же полный аллес! Куда ты лезешь? Что ты будешь делать — молодой, здоровый, образованный, энергичный специалист?.. Не прогульщик, не алкоголик. Случайными заработками будешь жить?»

Разумны ў інжынера быў начальнік. Трапныя і пераканаўчыя знайшоў у той размове словы.

А то ўсё спрачаюцца, а што ж урэшце рэшт збудавалі ў Беларусі? Камунізм? Сацыяльную дзяржаву? Чорт ведае што? Як высветлілася, ні тое, ні другое і ні трэцяе. У 1994‑м краіна абрала свой адметны шлях. Спадзявалася на цуд. Але цудаў, як вядома, не бывае. Замест іх непазбежнна надыходзіць «поўны алес». Гэта мы ўжо атрымалі.

Наступствы будуць пазней.

Уладзімер Халіп, Хартыя'97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0