Фота Сяргея Гудзіліна

Вядомы беларускі гандбаліст Сяргей Рутэнка прыняў рашэнне завяршыць прафесійную кар'еру. Пра гэта 35-гадовы экс-гулец «Барселоны» абвясціў на спецыяльнай прэс-канферэнцыі, паведамляе Прессбол.

Сяргей пачынаў кар'еру ў мінскім «Аркатроне». У складзе юніёрскай зборнай Беларусі ён заваяваў срэбра маладзёжнага чэмпіянату Еўропы-2000, а затым перабраўся ў Славенію, дзе абараняў колеры «Гарэнне» і «Цэле».

У 2004 годзе Рутэнка упершыню выйграў Лігу чэмпіёнаў (усяго ў кар'еры беларуса шэсць перамог у самым прэстыжным еўракубку). Тады ж гандбаліст прыняў славенскае грамадзянства і дэбютаваў у складзе балканскай зборнай на Гульнях у Афінах.

У 2005 годзе пачаўся іспанскі этап кар'еры Рутэнкі: паўсярэдні перабраўся ў «Сьюдад-Рэаль», з якім тройчы выйграў Лігу чэмпіёнаў. А праз чатыры гады беларус стаў самым дарагім гандбалістам свету — сума яго трансферу ў «Барселону» склала рэкордныя 1,2 мільёна еўра.

У 2008 годзе Рутэнка прыняў іспанскае грамадзянства, у той жа час майстар выказаў жаданне вярнуцца ў родную зборную Беларусі. У верасні 2010 года Сяргей атрымаў права выступаць за нашу нацыянальную каманду, а ў 2011 ён стаў капітанам зборнай Беларусі.

У 2015 годзе Рутэнка пакінуў «Барселону». Пасля нядоўгай пабыўку ў катарскай «Лехвіі», у красавіку 2016 года Сяргей далучыўся да мінскага СКА, прыняўшы ўдзел у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі. У верасні мінулага года Рутэнка быў удастоены звання «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь».

Сяргей Рутэнка двойчы станавіўся найлепшым бамбардзірам Лігі чэмпіёнаў (2004, 2005), а ў 2013 беларус быў прызнаны найлепшым левым паўсярэднім свету.