А насамрэч — хто? Што азначаюць апошнія кадравыя прызначэньні?

Напачатку пра тое, чаго яны не азначаюць. І раней высілкамі як саміх апаратчыкаў, гэтак і гатовых слухаць іх журналістаў пэўным асобам ствараўся вобраз «злога генія» і «лібэральнага анёла» рэжыму. Але потым гэты страшны «ідэёляг рэакцыі» адпраўляўся ў адстаўку, «анёл» падымаўся на перадапошнюю прыступку ўлады, а ўсё заставалася па‑ранейшаму. Так што наўрад ці варта спадзявацца, што з прыходам новых людзей на зьмену кляну Шэймана пачнецца эра калі не лібэралізму, то пэўных паслабленьняў.

Не, пачацца можа, але гэта будзе залежаць ад гэтых новых людзей у невялікай ступені.

Хаця Ўладзімір Макей, Юры Жадобін і Вадзім Зайцаў — людзі зь вельмі рознымі біяграфіямі, але ў іх нямала і агульнага, хаця агульнае гэта вынікае збольшага з тых няпэўных зьвестак, якія праточваюцца з амаль што гермэтычна закрытай беларускай уладнай сыстэмы.

Уладзіміра Макея чуткі ўжо даўно адносілі да кляну высокапастаўленых беларускіх апаратчыкаў, згуртаваных вакол сына кіраўніка дзяржавы Віктара. Юрыю Жадобіну, які летась узначаліў КДБ пасьля гучнай адстаўкі Сьцяпана Сухарэнкі, таксама прыпісвалі блізкасьць да

Прызначэньне Жадобіна пацьвярджае вэрсію, што выбух быў удалай нагодай паставіць кропку ў чарговым раўндзе міжклянавай барацьбы

атачэньня Віктара Лукашэнкі. Дарэчы, Жадобін, як шэф спэцслужбы, таксама, як можна меркаваць, меў нейкае дачыненьне да бясьпекі на сьвяткаваньні сёлетняга Дня Рэспублікі. Але Шэйман за выбух зьляцеў, а Жадобін, наадварот, узьляцеў. Што хутчэй пацьвярджае вэрсію, што выбух быў удалай нагодай паставіць кропку ў чарговым раўндзе міжклянавай барацьбы.

Нарэшце, пасьля леташняй чысткі КДБ працягваюць трымаць у «чорным целе», на чале камітэту ізноў ставяць не камітэтчыка. А каго? Чалавека з памежнага камітэту. А хто ўзначальвае памежны камітэт? Генэрал Ігар Рачкоўскі, ізноў жа, па чутках блізкі сябра Віктара Лукашэнкі.

Клян, каманда, пакаленьне — называйце як заўгодна, але відавочна (ну, калі грунтавацца на той інфармацыі, якая ёсьць), што да ўлады прыходзяць людзі, зьвязаныя ня толькі службовымі абавязкамі.

Наконт пакаленьня можна і запярэчыць. Шэйману сёлета споўнілася 50 гадоў, Макей — ягоны раўналетка, Жадобін — на 4 гады старэйшы. Дык у чым жа зьмена пакаленьняў?

Але варта нагадаць, што гэта менавіта група, клян, дзе Віктару Лукашэнку — 33 гады, Натальлі Пяткевіч — 36, Ўсеваладу Янчэўскаму — 32, таму ж Ігару Рачкоўскаму — 40. І гэта ўжо збольшага постсавецкія, а не савецкія людзі. Яны ад гэтага можа і ня лепшыя, але іншыя. «Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу», Расея, як адзіны сьвет у акенцы, сацыялізм, як «сьветлая будучыня беларусаў і ўсяго чалавецтва» — гэта ўжо ня іхняе.

Віктару Лукашэнку — 33 гады, Натальлі Пяткевіч — 36, Ўсеваладу Янчэўскаму — 32, таму ж Ігару Рачкоўскаму — 40. І гэта ўжо збольшага постсавецкія, а не савецкія людзі.

У Лукашэнкі, пры ўсім яго цынізьме, ва ўсім гэтым ёсьць і доля шчырасьці, гэта частка ягонага жыцьця. А для іх — не. Для іх Сталін і Сапега — прыблізна на адной гістарычнай адлегласьці, Масква — ня цэнтар сьвету, якім ён дзесяцігодзьдзямі быў для старшыні саўгасу «Гарадзец», а сталіца хаця і блізкай, але суседняй, і часам вельмі небясьпечнай краіны. А сацыялізм, роўнасьць — ну, прабачце.

Ізноў жа, па чутках менавіта маладое пакаленьне атачэньня прэзыдэнта і пралябіявала пачатак вялікага распродажу, пачатак прыватызацыі. Можна меркаваць, што зараз, калі яны і іх людзі прыйшлі на вышэйшыя пасады, гэты працэс толькі паскорыцца.

І той жа гандаль з Захадам таксама прыпісваецца ўплыву «младалукашэнкаўцаў». Гандаль жорсткі, няшчыры, які ставіць на мэце аддаць як мага менш, а тое і стварыць імітацыю аддаваньня, а атрымаць як мага больш, але гандаль, спроба наладзіць адносіны. І гэтая лінія, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца і мацнець.

На мінулых выбарах нават ва ўчастковыя камісіі патрапілі адзінкі апазыцыянэраў. Зараз — таксама адзінкі, але ў акруговыя камісіі. Ад выкананьня 12‑ці ўмоваў далёка, асабліва на фоне хапуну ў сувязі з выбухам, але ж прагрэс. А ці мае Эўропа магчымасьці прымусіць Менск выканаць 12 умоваў? Выглядае, што ня надта. Ну дык хай і малому радуецца, а яшчэ лепш — тое малое аплаціць — робяць пасланьне новыя людзі ў атачэньні Лукашэнкі.

Калі грамадзтва не патрабуе зьменаў, яны ўсё роўна адбываюцца, але павольна, паступова, у тым ліку і празь зьмену пакаленьняў ва ўладзе

Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0