Ракета Falcon 9

Прыватная амерыканская касмічная кампанія SpaceX ў суботу, 14 студзеня, упершыню пасля вераснёўскай аварыі паспяхова запусціла ракету-носьбіт Falcon 9 і вывела на арбіту камунікацыйныя спадарожнікі, а яе першая ступень удала села на марскую платформу ў Ціхім акіяне, паведамляе Deutsche Welle.

На арбіту было дастаўлена 10 апаратаў спадарожнікавай тэлефоннай сувязі новага пакалення Iridium NEXT.

Праз восем хвілін пасля запуску першая ступень удала села на марскую платформу ў Ціхім акіяне. Упершыню такое вяртанне ракеты-носьбіта было паспяхова апрабавана кампаніяй у красавіку 2016 года.

У выпадку шматразовага выкарыстання ракеты-носьбіта касмічныя палёты становяцца ў некалькі разы танней. «Мы дасягнем таго моманту, калі яе вяртанне стане руцінай. Ракету трэба будзе толькі памыць, заправіць і зноў запусціць», — заяўляў кіраўнік SpaceX Ілан Маск.

1 верасня 2016 года на касмадроме на мысе Канаверал у штаце Фларыда ракета Falcon 9 выбухнула за 2 дні да палёту падчас дзяжурнай праверкі рухавікоў. Пацярпелых падчас інцыдэнту не было. Аднак наступны запуск ракеты неаднаразова пераносіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0