Фото EPA.

Фото EPA.

Яшчэ ў сярэдзіне дня ў храм прыйшлі некалькі казакоў — па іх словах, каб прадухіліць беспарадкі на пратэстнай акцыі. На іх уніформе мільгалі нашыўкі, у тым ліку са сцягам «Наваросіі».

Аднак, паліцыя развяла пратэстуючых і правакатараў, якія стаялі каля храма. Сустрэча з выбаршчыкамі ў выніку адбылася непадалёк у скверы.

На плошчу прыйшло паводле розных ацэнак ад 500 да 1000 чалавек. Па словах арганізатараў акцыі, гэтая сустрэча паказала: сілы для масавага пратэсту ёсць, а значыць, ён будзе працягвацца. Дэпутат Барыс Вішнеўскі паабяцаў аспрэчыць перадачу храма ў судзе. Яго калегі анансавалі новыя вулічныя акцыі пратэсту, самай гучнай з якіх абяцае стаць мітынг на Марсавым полі 28 студзеня, заяўка на які будзе пададзеная ў панядзелак.

Сітуацыю вакол перадачы сабора Рускай праваслаўнай царкве аналізуе Бі-бі-сі.

Чаму пратэстуюць пецярбуржцы?

Неабходнасць адстойваць сабор як культурны аб'ект у дадзеным выпадку тлумачыцца некалькімі прычынамі. Па-першае, фінансавым пытаннем. Людзі не могуць зразумець, чаму горад добраахвотна адмаўляецца ад такой буйной крыніцы даходу, як музей у Ісакіеўскім саборы, які штогод наведваюць мільёны турыстаў.

Прычым гаворка ідзе менавіта аб перадачы храма ў бязвыплатнае карыстанне тэрмінам на 49 гадоў. Пры гэтым ўласнікам будынка застаецца горад, а значыць, менавіта на гарадскі бюджэт лягуць асноўныя траты на дарагі рамонт і рэстаўрацыю, у той час як цяпер музей зарабляе на гэтыя мэты сам. Пры гэтым у саборы цяпер штодня праводзяцца службы, якія вернікі наведваюць бясплатна.

Па-другое, гараджане занепакоеныя тым, ці зможа РПЦ адэкватна з музейнага і навуковага пунктаў гледжання сачыць за станам мазаік ў саборы і іншых мастацкіх твораў у ім. Перад вачыма пецярбуржцаў — яркі прыклад: Казанскі сабор, які знаходзіцца ў карыстанні РПЦ. Фасады яго змянілі колер — як лічаць некаторыя эксперты, з прычыны парушэння тэхналогіі вядзення рэстаўрацыйных работ.

Па-трэцяе, паводле Саюза музейных работнікаў, на набажэнствы ў храме (якіх ў 2016 годзе было праведзена 640) прыходзіць усяго па тры дзесяткі чалавек, гэта значыць менш за адзін працэнт наведвальнікаў сабора. А асноўную масу наведвальнікаў складаюць турысты, якім неабходнасць выконваць традыцыі наведвання праваслаўных храмаў даставіць нязручнасці.

Ёсць і іншыя прычыны. Паводле прызнання шэрагу ўдзельнікаў пратэсту, іх абурэнне выклікала не толькі само рашэнне губернатара, але і форма, у якой яно было ім абвешчана: «Пытанне вырашана». Ва ўмовах, калі да гэтага ў грамадстве абмяркоўвалася правядзенне агульнагарадскога рэферэндуму аб лёсе славутасці, такая дэманстратыўнасць шмат каму здалася хамскай.

«Хрысціянізацыя ўсяго сацыякультурнага ландшафту Расіі»

Але, напэўна, самае прынцыповае рознагалоссе крыецца ў розніцы поглядаў асноўнай масы пецярбуржцаў і цяперашняй гарадской адміністрацыі на чале з Георгіем Палтаўчанкам, які з першых дзён ва ўладзе атачыў сябе партнёрамі па «Рускім Афонскім таварыстве».

Акрамя таго, першы намеснік старшыні Сінадальнага аддзела Маскоўскага патрыярхату па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ Аляксандр Шчыпкоў у сваёй калонцы для «Расія сёння» напісаў, што «цвярдыня праваслаўя здымае з сябе высахлае секулярна-музейнае шалупінне». На яго думку, перадача Ісакіеўскага сабора, размешчанага побач з гістарычным будынкам Сената і Сінода, — сімвал сканчэння эпохі, пры якой рэлігія знаходзілася ў падначаленні да культуры. І гэтая перадача пакладзе пачатак «хрысціянізацыі ўсяго сацыякультурнага ландшафту Расіі».

Такім чынам, у цэнтры Пецярбурга разгортваецца бітва, ні больш ні менш, за будучы светапарадак. Але пра гэта ў горадзе пакуль не гавораць. Пецярбуржцы ў масе сваёй кансерватыўныя, і захаванне за Ісакіеўскім саборам музейнай функцыі азначае для іх захаванне Пецярбурга такім, якім яны яго памятаюць з дзяцінства: сабор, пабудаваны ў свой час на дзяржаўныя грошы, не належаў Царкве нават у царскія часы.

Храм духоўніка Пуціна?

У РПЦ заявілі, што ўваход у Ісаакіеўскі сабор стане бясплатным, плата, хутчэй за ўсё, захаваецца за пад'ём на каланаду, дзе размешчана аглядная пляцоўка. Будуць у храме праводзіцца і экскурсіі — праўда, як удакладніў кіраўнік камісіі па ўзаемадзеянні РПЦ з музеямі біскуп Ціхан (Шаўкуноў), будуць яны не «атэістычнымі», а «культуралагічнага характару».

Менавіта епіскапа Ціхана называюць духоўнікам Уладзіміра Пуціна. І менавіта яму эксперты прадракаюць пасаду настаяцеля ў Ісакіеўскім саборы — бо храм, з вялікай верагоднасцю, будзе падпарадкаваны не Пецярбургскай епархіі, а наўпрост патрыярху.

Перадача сабора зойме не адзін месяц і завершыцца, паводле распараджэння гарадскога ўрада, да 1 студзеня 2019 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0