Франак Вячорка расказаў, які рахунак атрымаў ад амерыканскай бальніцы за лячэнне пасля пералому нагі.

Нагадаем, ён атрымаў пашкоджанне падчас таварыскага футбольнага матча дыяспар Беларусі і Узбекістана. Гульня праходзіла ў Нью-Ёрку.

Летась Вячорка паступіў у амерыканскую ВНУ.

«За паламаную нагу ў Амэрыцы мне выставілі рахунак на 91850 даляраў і яшчэ 12 тысячаў за рэабілітацыю. Вядома, бальшыню з гэтай сумы заплаціла страхавая, але і мяне шпіталь зрабіў даўжніком, — піша Франак Вячорка ў фэйсбуку. — Адкуль бяруцца гэтыя завоблачныя рахункі — не разумею. Тры дні ў палаце — 13680$. То бок 4500 на дзень. Выклік хуткай дапамогі — 5000$. Арэнда апэрацыйнай і абсталяваньня — 32670$. Паслугі лекара — 8800$. Кожны рэнтген — 900$ (а іх было 5 штук).

Вы думаеце, гэта быў элітны шпіталь? Нічога падобнага. Самы просты (але і несавецкі) шпіталь на Брукліне. Нічым ня лепшы за беларускія шпіталі, прыкладна ўзроўню 432-га Вайсковага шпіталя ў Менску (на Машэрава).

Дык вось. Пасьля апэрацыі шпіталь і лекары выслалі асобныя рахункі за свае паслугі ў страхавую. Тая зь імі гандлявалася. З шпітальнага рахунку (82 тыс) спачатку скінулі 50% (маўляў, студэнт і ўсё такое). Страхавая заплаціла 35000$. Рэшта — 6700 засталася на мне. Зь іншага рахунку за паслугі лекара (9835$) страхавая нічога не заплаціла, а лекары, доўга не чакаючы, перадалі справу калектарам. Зрэшты, плаціць у мяне няма чым, і канфіскаваць у мяне няма чаго (мой інвалідны самакат — і той скралі). Зьбіраюся пачаць новы пэрыяд перамоваў са шпіталём і страхавой, каб прабачылі ці зьменшылі гэтую суму. Унівэрсытэт абяцае заступіцца таксама.

А ўявіце, калі б гэта сталася ў чалавека без страхоўкі? Банкруцтва ў імгненьне, страта жытла і маёмасьці. Таму амэрыканцы і перажываюць гэтак моцна з-за так званага «Абамакэр» — страхоўкі для асабліва уразьлівых сацыяльных групаў.

Вось такі ён, адваротны бок амэрыканскага дабрабыту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0