Мінгарвыканкам вывучае магчымасць укаранення сістэмы платы за ацяпленне згодна з паказаннямі індывідуальных лічыльнікаў цяпла, паведаміў 18 студзеня на сустрэчы з журналістамі ў прэс-цэнтры БелТА генеральны дырэктар дзяржаўнага аб'яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Віталь Смірноў.

Паводле яго слоў, сёння магчымасць такой аплаты ёсць у жыхароў 600 сталічных дамоў, а карыстаюцца толькі 200. «Пытанне ўкаранення такой сістэмы стратэгічнае, і ўрад даручыў яго вырашаць. Ёсць план мерапрыемстваў, у якім прапісаныя 2017—2020 гады: што павінны зрабіць жыллёвыя службы, участкі, замоўцы», — адзначыў Смірноў.

Ён узняў і тэхнічнае пытанне, звязанае з сістэмай ацяплення ў дамах (вертыкальная або гарызантальная разводка). «Як правіла, пры вертыкальнай разводцы ўсталёўваюцца выпарнікі, пры гарызантальнай — прылада на ўсю кватэру. Паказанні здымаюцца перад пачаткам ацяпляльнага сезону і пасля завяршэння. У ацяпляльны сезон уладальнікі індывідуальных лічыльнікаў плацяць як усе (згодна з лічыльнікамі на ўвесь дом), а пасля заканчэння сезона робіцца пераразлік», — растлумачыў кіраўнік аб'яднання.

Паводле яго слоў, устаноўка індывідуальных лічыльнікаў цяпла ў дамах-новабудоўлях з'яўляецца абавязковай. Раней у межах эксперыменту такія лічыльнікі ўсталёўваліся і падчас правядзення капітальнага рамонту дома.

«Мы зараз выконваем толькі праграму мерапрыемстваў. Задача — выявіць найбольш аптымальныя варыянты з мінімальным узроўнем выдаткаў для бюджэту і для насельніцтва па ўстаноўцы гэтых прыладаў у кватэрах, не змяняючы сістэму ацяплення. Эканамічны эфект павінен быць менавіта для спажыўцоў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржаб'яднання. Ён адзначыў: хто карыстаецца лічыльнікамі цяпла, за ацяпляльны сезон эканоміць 20—40 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?