Гарадоцкім раённым аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа па ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры) па факце падпалу аўтамабіля Mazda CX7 ў Гарадку.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава, 10 студзеня 2017 года каля 6.30 быў учынены падпал аўтамабіля Mazda CX7, які знаходзіўся ў двары аднаго з дамоў па вуліцы Пралетарскай у Гарадку. У выніку ўладальніку аўтамабіля — 42-гадоваму жыхару Гарадка — нанесеная шкода больш чым на 6000 рублёў.
Падазраванага ў падпале выявілі супрацоўнікі міліцыі. Гэта 21-гадовы жыхар раённага цэнтра. Паводле даных следства, напярэдадні падпалу ноччу ён выпіваў, потым катаўся па горадзе на машыне маці. Менавіта тады ў яго саспеў план падпаліць аўтамабіль бацькі знаёмай дзяўчыны. Падставай для гэтага стала забарона бацькі, уладальніка Mazda, сустракацца з яго дачкой.
Заехаўшы на запраўку, малады чалавек адліў частку бензіну ў бутэльку, а затым выліў яго на дах Mazda і сышоў.
Следчыя правялі агляд месца здарэння, прызначаная комплексная пажарна-тэхнічная і хімічная экспертыза, дапытаны пацярпелы, правяраецца матыў злачынства, шукаюцца сведкі і відавочцы таго, што адбылося. У падазраванага ўзятае абавязацельства аб яўцы.