шырачэзная проза Рублеўскай, Зуёнак, які ратуе, поза Тэды Лі... Міхась Южык піша пра новы, 34-ы нумар "Дзеяслова".

Марыйка Мартысевіч не прамінула ўказаць, што ў "Дзеяслове" № 34 будзе скандальны артыкул з ёй і Сяргеем Грышкевічам. Стаў бы я купляць нумар толькі дзеля Марыйкі, не ўпэўнены, а вось Грышкевіча заўсёды пачытаць не пашкодзіць, бо нудна не будзе.

Палеміка наконт новаспечанай кнігі паэткі Ярыны Дашынай атрымалася напраўду вясёлая. Павесялілі мяне і дзеяслоўцы – тым, што на аднаго Грышкевіча напусцілі не толькі саму паэтку, жвавую Мартысевіч і аўтарытэтнага Галубовіча, але і разрадзіліся велізарнай прадмовай, дзе таксама ўпікалі Грышкевіча ў празмернай грубасці-рэзкасці. Так павялося ў нашым літаратурным каралеўстве, што пра паэта або добра, або ніяк. Як пра нябожчыка. Праўда, атрымліваецца пераважна “ніяк”, то бок зусім не гавораць.

Дык вось, замест аднаго пракурора (Грышкевіча) і адваката (Мартысевіч) нам прадставілі аднаго пракурора і ажно трох абаронцаў беднай берасцейскай паэткі. Але Грышкевіч, як заўсёды, не падкачаў і, нягледзячы на ўвесь свой сцёб і фрывольнасці, прымусіў паверыць менавіта яму. Бо ў прыведзеных фрагментах вершаў Ярыны Дашынай я ўбачыў досыць усяго: вытанчанасць, какецтва, арыгінальнасць і г.д., акрамя ўласна Паэзіі ў яе вышнім сэнсе. Зрэшты, каб выносіць канчатковы прысуд, трэба прачытаць усю кнігу. Галубовіч слоў на вецер не кідае, і, магчыма, Грышкевіч падбіраў фрагменты для свайго артыкула прадузята.

Спадарыня Мартысевіч мяне супакоіла: гумар у яе ёсць. А то я ўжо ў гэтым засумняваўся пасля вядомага выпадку, калі яна кідалася на прыстойных людзей з кулакамі. Не бракуе Марыйцы і таленту, прычым шматбаковага, гэта бачна па яе дасціпным, драматургічна напоўненым дыялогу з Ярынай Дашынай. Бяда толькі ў тым, што шматбаковасць таленту і задзірыстая маладая энергія не даюць Мартысевіч засяродзіцца на чымсьці пэўным. На вершах, напрыклад, і напісаць хоць адзін, які ўтрымае яе імя ў беларускай літаратуры. Або п’есу, што станецца класікай. Веру, яна гэта зможа. На сённяшні ж дзень атрымоўваецца, што Марыйкі ў інфармацыйнай прасторы МНОГА, а толку пакуль што МАЛА.

Мастацкая частка часопіса шчодра прадстаўлена вершамі. Міжволі складваецца ўражанне, што два вялікія паэты сучаснасці – Арлоў і Хадановіч – дужаюцца паміж сабой. Хоць і стаяць яны паабапал шырачэзнай прозы Людмілы Рублеўскай, усё-ткі відаць: мускулы свае надзімаюць і адзін за адным цікуюць. У іхнім спаборніцтве цяжка вызначыць пераможцу, бо гэтыя буйныя таленты надзвычай паміж сабой непадобныя. Родніць іх, бадай, толькі адно: каласальнае мнагаслоўе. Розняцца ж яны, прыкладам, тым, што спадару Арлову як быццам ёсць што сказаць, але ён, на бяду, зусім не валодае вобразнасцю і тэхнікай вершаскладання. Спадар жа Хадановіч, наадварот, з вобразнасцю сябруе, валодае бліскучай тэхнікай, а вось сказаць мае не густа, прынамсі – крытыку, выхаванаму на Цютчаву і Гумілёву. Аднак не бяды. Ведаю, што ў Хадановіча свая аўдыторыя, якой яму акурат ёсць што сказаць. А яго верш “Асенняе лісце” крануў сваім лірызмам нават мяне, буркуна. Не палянуюся прывесці фрагмент:

і восень зіму прысніла

і зноў калядныя ёлкі

і нат па смерці вінілу

жыццё на канцы іголкі

і круціць і круціць час

пакуль не скончыўся джаз

Але менавіта з прычыны такога верша ў дужанні паміж гэтымі двума паэтычнымі тытанамі – усё ж НІЧЫЯ. Бо з таго, каму шмат дадзена, як вядома, многае і пытаюць.

Напалову дакументальны Раман Людмілы Рублеўскай “Забіць нягодніка” мае цікавую кампазіцыю, у ім ужо вельмі мала Караткевіча і многа самой празаік(эсы). Ён мог бы стаць адметнай з’явай беларускай літаратуры, каб пісьменніца навучылася рабіць усё тое самае, толькі ЎДВАЯ КАРАЦЕЙ. Аб’ёмам у літаратуры яшчэ ніхто нічога не ўзяў, апроч ганарараў. Што там Чэхаў казаў пра сцісласць?..

Сп-ня Рублеўская мае на сённяшні дзень адну з самых каларытных і правільна пастаўленых празаічных моў. Чытаецца яна лёгка і лашчыць слых. Але ж не можа пазбавіцца шматлікіх “нібыта”, гэтых дакучлівых паразітаў, якія лепіць зашмат і зусім не да месца. Тым больш што слова “нібыта” набліжаецца па значэнні да рускага “якобы”, “будто бы”. Ва ўсіх астатніх выпадках можна выдатна абысціся простымі “як”, “нібы” і “быццам”. Усе пакручастыя параўнанні трэба змяншаць, яны абгрувашчваюць прозу і, як правіла, зусім не патрэбныя. Для гэтага ў Word (калі празаіка заносіць) ёсць цудоўныя функцыі “пошук” і “выдаленне”.

Неяк пра “Пярсцёнак апошняга імператара” Рублеўскай я пісаў для “Полымя”. Той фрагмент, на жаль, у канчатковы артыкул не патрапіў. Таму прыводжу:

Тэкст, увогуле пазначаны высокай культурай мовы, часам перанасычаецца дзіўнымі параўнаннямі (стары нагадвае “букет мінулагодняга быльнягу”, “Светка завішчала, як злоўленая русалка”, “вузкі, як саркафаг, пакойчык”). Скажыце, хто-небудзь бачыў букет мінулагодняга быльнягу, або лавіў русалак і слухаў іх віскат? Вобразнасць павінна дапамагаць чытацкаму ўспрыманню, а не перашкаджаць. Праўда, іншым разам метафара ўдаецца: “Першыя таполевыя сняжынкі плылі над скверам маленькімі прывідамі”.

Гэты ўрывак не страціў актуальнасць для Людмілы Рублеўскай і сёння.

Васіль Зуёнак, зусім пажылы чалавек (як для паэта), нечакана ўпрыгожыў сваёй падборкай і, можна сказаць, выратаваў літаратурную частку гэтага нумара. Вось яна, старая класічная школа. Вось яно, веданне жыцця і адказнасць за свае словы. Лірызм, філасофская глыбіня, арыгінальнасць думкі, улучаная ў простую форму – гэта далёка не ўсе эпітэты, што заслугоўвае паэт за свае вершы.

Прыводжу найлепшыя, на мой погляд, фрагменты.

Цяпер і ты адзінокі,

Мой спаконвечны храм...

Ляцяць сіратліва аблокі,

Як душы, крэўныя нам...

Тут мой шлях і мой першапутак,

Тут зямля мая і мой лёс, –

А адкуль жа сюды я смутак

Па нязбытнаму небу прынёс?

Пасля такіх радкоў словы дарэмныя.

У кантрасце з Зуёнкавай шчырасцю аповед Тэды Лі (Адэлі Дубавец) падаецца спрэс штучна зробленым. Поза, поза і поза... Галоўная гераіня – тыпаж сучаснага цыніка. Не працуе, з вучэльні адлічана, вядзе асацыяльны лад жыцця, людзей не любіць. Але пры гэтым вельмі патрабавальная: хоча смачна есці, пакурваць “траўку” і салодка спаць, хоча, каб яе любілі і песцілі. Водзіцца яна з такімі ж трохклетачнымі: алкаголікамі, наркаманамі, дармаедамі і дэгенератамі розных масцей. Калі аўтарка хацела выклікаць агіду да сваёй гераіні, то ёй гэта ўдалося. Іншых мэтаў аповеду я не ўгледзеў. Таму яе ж словамі падрахоўваю: “Ну прабач, я не ўмею разумець такіх дурнотаў, у мяне мазгі заварочваюцца, як кішкі”.

На кантрасце ўжо з Тэдай Лі “жодзінскія аповеды” Алеся Аркуша кранаюць сваёй гранічнай шчырасцю. Шчырасць, здольнасць да суперажывання, памножаныя на майстэрства валодання словам – вось найпрасцейшы сакрэт стварэння мастацкіх тэкстаў.

Тое самае можна сказаць і пра апавяданне Усевалада Сцебуракі “Палескае вяселле”. Плюс яшчэ самабытны гумар, угрунтаваны на пачуцці меры, пазбаўлены сальнасці і пахабшчыны.

Някепска леглі на душу вершы маладога паэта Алеся Замкоўскага. Напрыклад:

Спі. Не бойся:

не прыйдуць у госці суседзі,

бо зачынены дзверы –

надзейна, на тры абароты.

Як прачнешся,

на воблаку белым паедзем

і не скажам куды

і навошта

паедзем употай.

Хто скажа, што гэта не паэзія, няхай закідвае мяне камянямі.

Дакументальна-мемуарная частка “Дзеяслова” па завядзёнцы выглядае моцна. Але яна ўжо не ўваходзіць у маю кампетэнцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?