На «Еўрабачанні» Беларусь рэпрэзентуе малады гурт Navi з песняй «Гісторыя майго жыцця». «НН» сабрала цікавыя факты пра калектыў.

Ён з Глыбокага, яна — з Мінска

Гурт Navi — гэта Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук. Яму 24 гады, ёй 25. «Яна — куля, ён — спакойны, разважлівы», — так расказвае мама Ксеніі Наталля Жук.

Арцём нарадзіўся ў горадзе Глыбокае, скончыў беларускамоўную гімназію №3, там яго мама выкладала біялогію. Потым Арцём вучыўся ў БДУ на журналістыцы, працаваў на радыё «Сталіца».

Ксенія нарадзілася ў сталіцы, яе бацькі вучыліся ў Педагагічным універсітэце, удзельнічалі ў тэатральнай трупе. Ксенія выкладае вакал для дзяцей у школе.

І Ксенію, і Арцёма аддавалі ў школе ў клас фартэпіяна, толькі Арцём псіхануў і сышоў. Новае захапленне музыкай пачалося ўжо ў 12 гадоў, з спробаў навучыцца граць на гітары. А вось Ксенія гітару не асвоіла, хоць і просіць Арцёма навучыць яе.

Знаёмства на Дзень святога Валянціна

Пазнаёміліся Арцём і Ксенія даволі выпадкова, гэта адбылося 14 лютага 2013 года. Ксенія прыехала на репетыцыйны пункт, дзе акурат іграў Арцём. Хлопец кажа, што яму адразу прыйшлася даспадобы Ксеніна непасрэднасць, яна папрасіла памацаць кудзеркі Арцёма, пераканацца, што яны сапраўдныя. «Я сказаў «вітаю, можа, праспяваем разам», — кажа Арцём.

На той час і ў Арцёма, і ў Ксеніі былі іншыя праекты. Аднак Ксенія кажа, што ў гурце Sonika не адчувала сябе, выконвала тое, што яе прасілі. Праз нейкі час Лук’яненка напісаў тэкст «Абдымі мяне» і прапанаваў Ксеніі праспяваць яго разам. Гэта быў першы хіт новага гурту. Цікава, што ў Расіі назву песні перакладалі прыкладна як «Абкуры мяне».

Дарэчы, назва Navi нічога не значыць. Можна сказаць, што гэткі набор літар. Хаця па-англійску сугучнае «navy» азначае «флот». А пазней Арцём з Ксеніяй даведаліся, што па-грузінску navi азначае «лодка», дый па-італьянску «nave» — лодка, карабель.

Аб’ездзілі ўсю краіну з «Мовай нанова»

Арцём і Ксенія не проста спяваюць па-беларуску, але яшчэ і актыўна прапагандуюць беларускую мову. Гурт падтрымлівае праект «Мова нанова». Прычым не толькі ў Мінску, але і ў меншых гарадах, як Маладзечна, Бабруйск, Гродна. «Мова становіцца трэндам, і гэта радуе», — дзеліцца Ксенія Жук.

«Мы ездзілі на канцэрт у Маскву і там палову песняў спявалі па-беларуску. Масквічы ўспрынялі нас абсалютна адэкватна. Не перадаць тыя пачуцці, калі яны нам пісалі: «Вы нас сагрэлі». А выступы акурат праходзілі ў лютыя маразы».

Тым не менш, гурт часта падкрэслівае, што ён па-за палітыкай. «Мы можам выступіць на «Славянскім базары», а пасля паехаць на «Басовішча», — расказваў Арцём.

Не першая спроба адбору

У 2016 годзе Navi ўжо спрабавалі патрапіць у фінал «Еўрабачання» з песняй «Гэта зямля». Але перавага была аддадзеная пратэжэ Дробыша Ivan-у. Праўда, у Швецыі Іван не змог нават выйсці ў фінал. «Тут, відаць, нават не творчасць, а грошы, рэпутацыя і так далей, але падтрымка была неймавернай», — на эмоцыях казаў Арцём Лук’яненка.

Navi ў той год сапраўды падтрымлівалі вельмі многія, нават рэдактар «Советской Белоруссіі» Павел Якубовіч. «Вынікам адбору я не рады, бо асабіста я перажываў, заўзеў за Navi. Мне здаецца, што гэта вельмі мілая група. Я адправіў дзве смс-кі — ад сябе і жонкі», — казаў ён.

Сумесныя праекты з Грышкаўцом, перапіска з Джыліян Андэрсан

Хай Navi і спяваюць па-беларуску, але ў Расіі іх таксама няблага ведаюць. Напрыклад, Navi выступалі на юбілейным вечары Дзіяны Арбенінай (таксама выхадцы з Беларусі) у Маскве. Выступалі разам у Магілёве. Выступалі на разагрэве ў Сяргея Бабкіна.

У Гомелі ў адным невялікім бары іх выступ выпадкова пабачыў вядомы расійскі драматург Яўген Грышкавец. «Яны спявалі па-беларуску і па-руску. Гэта было настолькі неймаверна, што я забыўся, што знаходжуся ў пабе, было ўражанне вялікага канцэрта». Пасля гэтага гурт разам з Грышкаўцом запісаў песню «Калыханка». У планах ёсць запісаць сумесны трэк і на беларускай мове.

У 14 гадоў Ксенія Жук пазнаёмілася са славутай амерыканскай актрысай Джыліян Андэрсан (агент Скалі з «Сакрэтных матэрыялаў»). Адбылося гэта на фестывалі Giffoni Film у Італіі. Ксенія расказала, што спявае. Праз два месяцы з ёй звязваліся агенты Андэрсан з просьбай пераслаць матэрыял. Дзяўчына пасля гэтага яшчэ перапісвалася з Андэрсан, размаўляла па тэлефоне.

Ксенія Жук кажа, што матэрыял быў яшчэ сыры, таму нічога не выйшла. Цяпер яна і Арцём Лук’яненка больш упэўненыя ў сабе і сваёй творчасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?