Нацыянальнае агенцтва па турызме выдала брашуру «100 рэчаў, якія трэба зрабіць у Беларусі». Пра гэта паведаміла сёння журналістам начальнік аддзела Нацагентства па турызме Ірына Гардзіенка, перадае БелТА.

фота Віктара Малышчыца

Выданне пазіцыянуецца як унікальны гід па самых яркіх уражаннях для падарожжа па Беларусі. «Гэтыя 100 сакрэтаў з душой абралі мясцовыя жыхары, каб бліжэй пазнаёміць са сваёй краінай, дзе кожны знойдзе сабе занятак», — распавялі выдаўцы.

Турыстам прапануюць пабываць у самых розных кутках краіны — ад тусовачнай вуліцы Зыбіцкай у Мінску да музея старадаўніх рэчаў на гарышчы звычайнага дома ў Іўі. Брашура распавядае аб чароўных месцах, дзе прынята загадваць жаданні, і назіральных пляцоўках, адкуль можна зняць найлепшыя віды краіны — і гэта не толькі Мінск. Не забыліся складальнікі і пра IT-брэнды краіны: прапануецца зрабіць фота з танкам на радзіме легендарнай гульні «World of Tanks» і серыю сэлфі з выдатнымі мясцінамі Беларусі ў дадатку MSQRD. Пакатацца на БелАЗе, прайсціся ў балотаступах, разгадаць загадку забойства Кенедзі, убачыць сімвалы савецкай эпохі — толькі некаторыя пункты з спісу.

Беларусь дае магчымасць быць бліжэй да прыроды: тут раяць збіраць грыбы і ягады, слухаць спевы птушак у лесе, здзяйсняць велапрагулкі і сафары, сплесці вянок з васількоў і сустрэць світанак на беразе возера. У спісе ёсць і нестандартныя варыянты сну — пераначаваць на сенавале, на пчаліных вуллях у аграсядзібе або ў каюце плывучай гасцініцы.

фота Віктара Малышчыца

Аматарам гастранамічнага турызму прапануецца не толькі пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні, але і самім паўдзельнічаць у зборы ўраджаю і навучыцца здабываць бярозавы сок. У спісе для дэгустацыі — журавіны ў цукры, пламбір, жытні хлеб, чай з палявых і лясных траў, самагонка з закускай з агурка і мёду.

Для зручнасці топ-100 разбілі на чатыры блокі заняткаў, якія будуць цікавыя вясной, летам, восенню і зімой. Выданне будзе даступна на 8 мовах: рускай, польскай, нямецкай, англійскай, французскай, кітайскай, арабскай і іўрыце.

У Нацагентстве па турызме абяцаюць, што пакет прома-прадукцыі аб Беларусі папоўніцца яшчэ некалькімі цікавымі выданнямі. У прыватнасці, у Беларусь збіраецца англійскі падарожнік Найджэл Робертс. Ён плануе выпусціць новы даведнік па Беларусі. Першая рэдакцыя яго даведніка па Беларусі выйшла ў 2008 годзе і карысталася вялікай папулярнасцю сярод англамоўных турыстаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0