Ігара Корсака сустракае жонка Вольга Цяцёркіна, фота Радыё Свабода |
Вызваленыя Міраслаў Лазоўскі, Сяргей Чыслаў, Ігар Корсак, Віктар Ляшчынскі, Юры Карэтнікаў і Міхал Шарамет. «Людзі, затрыманыя ў межах расьследаваньня крымінальнае справы, апытваюцца. Гаворка ня йдзе пра тое, што яны вінаватыя, проста йдзе напружаная праца па раскрыцьці гэтай крымінальнай справы», — заявіў y суботу генпракурор Рыгор Васілевіч. Генпракурор адмовіўся паведаміць, колькі чалавек увогуле затрымана ў межах справы аб выбуху.
Сёньня Лазоўскага адвезьлі ў Сьледчае ўпраўленьне папярэдняга расьсьледаваньня, што на вуліцы Сапёраў. Міраслава дапыталі, і ён паведаміў нашаму карэспандэнта, што на яго думку, яго больш ня будуць выклікаць па гэтай справе. Лазоўскі сказаў, што ўмовы ўтрыманьня былі больш-менш прымальнымі. Сваё затрыманьне ён зьвязвае з тым, што сьледчыя кіраваліся ягонай папярэдняй палітычнай дзейнасьцю — сяброўствам у «Белым легіёне».
Сьледчыя, якія займаюцца справай выбуху 4 ліпеня, затрымліваюць і дапытваюць людзей, якім фактычна немагчыма выставіць абвінавачаньне, бо ніякага дачыненьня да выбуху яны апрыёры ня мелі. Яскравы прыклад — затрыманы Юрась Карэтнікаў, які ад 30 чэрвеня да 6 ліпеня быў у Страсбургу, у Радзе Эўропы, пра што сьведчаць штампы ў пашпарце.
Частку затрыманых сьледчыя ўжо выпусьцілі безь ніякага выніку і не папрасіўшы прабачэньня. Цяпер шукаюць новых.
Усяго па гэтай справе было затрымана, паводле розных ацэнак, 50—70 чалавек. Афіцыйнай інфармацыі пра колькасьць затрыманых няма.
Ва ўпраўленьні КДБ Беларусі па Менску і Менскай вобласьці не пажадалі ні паведаміць колькасьць затрыманых па справе 4 ліпеня, ні адрэагаваць на крытыку іхнай дзейнасьці. Там спаслаліся на тое, што камэнтары па гэтай справе дае толькі прадстаўнік Цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ Валеры Надтачаеў.
Аднак і спадар Надтачаеў адмовіўся адказаць на крытыку і прэтэнзіі ў грамадзтве ў адносінах да мэтадаў вядзеньня сьледзтва па справе аб выбуху 4 ліпеня.
У мінулую суботу на волю былі адпушчаныя першыя з затрыманых: Аляксандар Сергіенка, Сяржук Высоцкі, Павал Кур’яновіч, пазьней — грамадзянін Расеі студэнт Уладзімер Бялонін, учора — студэнтка БДУ Тацяна Пякун і некаторыя іншыя.
"Людзі, што затрыманыя ў межах расьследаваньня крымінальнае справы, апытваюцца. Гаворка ня йдзе пра тое, што яны вінаватыя, проста йдзе напружаная праца па раскрыцьці гэтай крымінальнай справы", — заявіў y суботу генпракурор Рыгор Васілевіч. Генпракурор адмовіўся паведаміць, колькі чалавек увогуле затрымана ў межах справы аб выбуху.
15:50 Выйшлі на волю Сяргей Чыслаў, Віктар Ляшчынскі, Ігар Корсак.