У сталіцы зацверджаныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Адпаведнае рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 9 студзеня № 51 апублікаванае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Павышаюцца тарыфы як на субсідаваныя дзяржавай паслугі, так і на фіксаваныя, якія забяспечваюць поўнае кампенсаванне выдаткаў насельніцтвам.

У прыватнасці тарыф на тэхнічнае абслугоўванне жылога дома складзе 0,1 рубля за квадратны метр у выпадку, калі ён субсідуецца, і 0,1155 — пры поўным кампенсаванні.

Тарыф на водазабеспячэнне зацверджаны ў 0,5301 рубля за кубічны метр, калі ён субсідуецца, і 0,7638 — калі жыхары спажываюць ваду звыш нарматыву і пачынаюць кампенсаваць затраты цалкам.

Тарыф на водаадвядзенне (каналізацыю) за кубічны метр складзе адпаведна 0,354 і 0,5103 рубля. Тэхнічнае абслугоўванне ліфта з чалавека ў месяц будзе каштаваць 1,19 і 1,33 рубля.

Тарыф на капітальны рамонт жылога дома за квадратны метр агульнай плошчы складзе 0,088 рублёў.

Як раней паведамлялася, Савет міністраў пастановай ад 16 снежня 2016 года № 1035 зацвердзіў межавыя памеры цэн (тарыфаў) на жыллёва-камунальныя паслугі на 2017 год, зыходзячы з якіх мясцовыя органы ўлады ўсталёўваюць лакальныя тарыфы.

Кошт цеплаэнергіі павялічаны на 17% да 15,6098 рубля за 1 Гкал. На аналагічны працэнт вырасла для насельніцтва цана на прыродны газ у ацяпляльны перыяд. Кошт электраэнергіі не павялічыўся.

Пры павелічэнні тарыфаў разліковыя плацяжы сям'і з трох чалавек, якая жыве ў тыпавой двухпакаёвай кватэры, пры нарматыўным спажыванні паслуг (па асноўных і дадатковых паслугах) павінны ўзрасці на 10,98 рубля і скласці ў ацяпляльны перыяд 79,38 рубля.

Пастановай рэкамендавана аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму забяспечыць памеры расходаў насельніцтва за санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома не больш як 0,53 рубля з аднаго чалавека ў месяц, тэхнічнае абслугоўванне запорна-перагаворных прылад жылога дома — не больш як 0,91 рубля з адной кватэры ў месяц. Гэтыя тарыфы засталіся на ранейшым узроўні.

Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю даручана ўзгадніць з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам субсідаваныя дзяржавай тарыфы: на водазабеспячэнне — не больш як 0,5301 рубля за 1 куб. м (цяпер 0,2790 рубля); на водаадвядзенне (каналізацыю) — не больш як 0,354 рубля за 1 куб. м (0,1863 рубля); на тэхнічнае абслугоўванне жылога дома — не больш як 0,1 рубля за 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц (0,0995 рубля); на тэхнічнае абслугоўванне ліфта — не больш як 1,19 рубля з аднаго чалавека ў месяц (0,6911 рубля).

Тарыфы на водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыю), тэхнічнае абслугоўванне жылога дома, якія забяспечваюць поўнае кампенсаванне эканамічна абгрунтаваных затрат, у параўнанні з мінулым годам не змяніліся. Тарыф на тэхнічнае абслугоўванне ліфта павінен скласці не больш як 1,33 рубля з аднаго чалавека ў месяц (у 2016 годзе — 1,2 рубля).

***

У канцы лістапада 2016 года віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін заявіў, што са студзеня тарыфы на паслугі ЖКГ вырастуць на пяць долараў у эквіваленце і іншых планаў ва ўрада на сённяшні дзень няма. Норма аб пяцідоларавым штогадовым павышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі замацаваная ва ўказе прэзідэнта № 555 ад 5 снежня 2013 года.

Комплексам мер па рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, які быў зацверджаны пастановай Савета міністраў № 18 ад 12 студзеня 2017 года, прадугледжана, што ў 2017 годзе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва павінны павысіцца да 75% ад узроўню іх поўнага кампенсавання, а ў 2018-м — да 100%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?