Еўрапейская камісія дазволіла яшчэ на тры месяцы падоўжыць дзеянне памежнага кантролю для некаторых краін, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону, паведамляе ВВС.

Гэта тычыцца Аўстрыі, Германіі, Швецыі, Даніі і не ўваходзячай у ЕС Нарвегіі, якія ў 2015 годзе ўвялі праверкі на межах на фоне рэкорднага прытоку ў гэтыя краіны бежанцаў з Сірыі і мігрантаў з краін Афрыкі і Блізкага Усходу.

Еўракамісія раней дала дазвол гэтым краінам на ўвядзенне памежнага кантролю, але дзеянне гэтага дазволу заканчваецца ў сярэдзіне лютага.

У Еўракамісіі растлумачылі падаўжэнне рэжыму памежнага кантролю неабходнасцю пераадолець міграцыйны крызіс у Еўропе. У ведамстве нагадалі, што ў Грэцыі да гэтага часу знаходзіцца вялікая колькасць бежанцаў і мігрантаў.

У паведамленні ведамства гаворыцца, што ўмовы для вяртання да нармальнага функцыянавання Шэнгенскай зоны пакуль не створаныя.

Раней у Бруселі заяўлялі, што хацелі б аднавіць Шэнгенскую зону без памежнага кантролю. Цяпер у яе ўваходзяць 22 краіны ЕС, а таксама Нарвегія, Швейцарыя, Ісландыя і Ліхтэнштэйн. Дэ-факта рэжым адкрытых межаў дзейнічае і ў дачыненні да трох мікрадзяржаў — Ватыкана, Сан-Марына і Манака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?