Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выканаў адно са сваіх перадвыбарных абяцанняў і падпісаў указ аб будаўніцтве сцяны на мяжы Злучаных Штатаў з Мексікай. Ён па-ранейшаму настойвае, што плаціць за сцяну ў выніку будзе Мексіка, перадае ВВС.
Reuters
У сераду ў інтэрв'ю ABC News Трамп заявіў, што Мексіка «абсалютна, на 100%» пакрые ЗША кошт сцяны.
«Мы пачнём гэтыя перамовы даволі хутка. І нам — ў нейкай форме — пакрые выдаткі Мексіка», — заявіў Трамп.
«Я проста кажу вам, што будзе плацёж. Ён будзе ў нейкай форме — магчыма, у складанай форме, — і вы павінны зразумець гэта. Тое, што я раблю, — на карысць Злучаных Штатаў», — дадаў ён.
Па словах Трампа, яго план таксама пойдзе на карысць Мексіцы.
Мексіканскія ўлады ў мінулым не раз заяўлялі, што не маюць намеру плаціць за сцяну.
Трамп таксама падпісаў указ, які робіць больш жорсткай палітыку ў дачыненні да так званых гарадоў-сховішчаў.
Раней яго прэс-сакратар Шон Спайсер растлумачыў, што гарады накшталт Сан-Францыска адмаўляюцца супрацоўнічаць з федэральнымі ўладамі па пытанні барацьбы з нелегальнай іміграцыяй. Трамп у выпадку такой адмовы хоча зрэзаць ім фінансаванне.
Агенцтва Рэйтэр таксама паведамляе, што ў бліжэйшыя дні Трамп увядзе часовую забарону на ўезд у ЗША бежанцаў, а таксама прыпыніць выдачу віз для грамадзян Сірыі і яшчэ некалькіх краін Блізкага Усходу і Афрыкі.