Тэлеканал «Белсат» распаўсюдзіў інфармацыю пра гродзенскага лейтэнанта міліцыі Міхаіла К. Паводле відэасюжэта, К. выкрыў канал вярбоўкі баевікоў у «ДНР», за што аказаўся ў апале ў кіраўніцтва і, у выніку, за кратамі.

«Ад маіх агентаў я атрымаў інфармацыю, што афіцэр пагранічнага камітэта в/ч 2141 мае парнаграфічныя матэрыялы на старонцы і … выхад на незаконныя воінскія фарміраванні самааабвешчанай «ДНР». Па словах майго інфарматара, афіцэр С. можа звесці з адпаведнымі людзьмі для найму ва ўзброеныя фарміраванні. Я неадкладна дакладваю пра гэта свайму кіраўніцтву, рэгіструю матэрыял — я маю на ўвазе парнаграфію, парнаграфічныя ролікі». «Але мне кажуць забыць пра гэта, бо «ўсё там узгоднена», — прыводзіць словы К. «Белсат».

Міхаіл рыхтуе дакументы, каб згодна з інструкцыяй перадаць іх у КДБ. Праз некалькі гадзінаў кіраўнік крымінальнай міліцыі тэлефануе з тэлефона выконваючага абавязкі начальніка адзелу наркакантролю і дае загад пра справу забыцца, маўляў, «там ужо ўсе ўзгоднена». Аднак Міхаіл усё ж вырашае данесці інфармацыю да Камітэта дзяржаўнай бяспекі, на што ягонае непасрэднае кіраўніцтва пагражае звальненнем.

Са слоў сваякоў К., пасля гэтага міліцыянеру сталі пагражаць звальненнем, а ўрэшце падставілі на атрыманні хабару ад калегі, якую К. нібыта злавіў на «распаўсюдзе» парнаграфіі праз сацсеткі.

У адказ Міністэрства ўнутраных спраў выдала прэс-рэліз, у якім патлумачыла, што згаданы «Белсатам» 23-гадовы міліцыянер сапраўды служыў аперупаўнаважаным у Гродне. Але, як сцвярджае МУС, ён выяўляў факты распаўсюду парнаграфіі ў інтэрнэце, а пасля патрабаваў хабар за непрыцягненне вінаватых да адказнасці.

Як сцвярджаецца ў прэс-рэлізе, за жнівень 2016 года ён такім чынам атрымаў каля $400, і яшчэ $400 патрабаваў з чарговай ахвяры.

Жонка трымае фота Міхаіла К., фота «Белсат».

Жонка трымае фота Міхаіла К., фота «Белсат».

Жонка лейтэнанта выказала «Белсату» думку, што галоўнай прычынай затрымання мужа стала тое, што ён знайшоў парнаграфію на старонцы шчучынскага інспектара па справах непаўналетніх Алены Б.

Тая, баючыся страціць работу, пачала прапаноўваць лейтэнанту хабар, але той, па версіі жонкі, адмовіўся.

Таму Алена Б., маўляў, была вымушаная звярнуцца да свайго ўплывовага дзядзькі-суддзі, які ўрэшце і забяспечыў «падставу» і пасадку К.

Ніякіх доказаў датычнасці афіцэра в/ч 2141 да вярбоўкі лейтэнант К. і ягоныя сваякі пакуль не прывялі. Больш за тое, К. не ведае пасады чалавека, якога абвінавачвае.

У прэс-службе Пагранічнага камітэта «Нашай Ніве» сказалі, што каментаваць датычнасць свайго супрацоўніка да вярбоўкі не будуць, бо ўся доказная база такога абвінавачання грунтуецца на словах невядомага «агента». 

Звяртае ўвагу, што тэма з «каналам вярбоўкі» ўзнікла як пабочная да спраў за распаўсюд парнаграфіі і разбіральніцтваў вакол іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?