Сяргей Гурыеў. Фота tvrain.ru.
Агулам даклад змяшчае 100 старонак, таму ў сваёй прамове Гурыеў сканцэнтраваўся толькі на некаторых момантах, якія палічыў найбольш істотнымі. У першую чаргу ён прааналізаваў сітуацыю, якая склалася ў посткамуністычных краінах.
У першым раздзеле даклада аналізуецца, як паўплываў пераход да рынку (то бок гэта прыкладна апошнія 27 гадоў) на даходы найбяднейшых, найбагацейшых і на сярэдні клас.
Як адзначае Гурыеў, у цэлым пераход да рынку быў вялікім поспехам, але большасць жыхароў яго не заўважыла. Толькі 44% кажуць, што іх даход наблізіўся да прыбыткаў жыхароў больш багатых краін. Для 56% даходы альбо падалі, альбо раслі, але настолькі павольна, што адставанне ад больш развітых краін павялічылася. Хаця Беларусь, дарэчы, сярод тых, хто скараціў адставанне ад больш багатых.
«Гэта да таго, чаму сярэдняя велічыня падманлівая. Мы можам трапіць у сітуацыю, калі ўсе выгады ад рэформ дастаюцца меншасці, а не большасці. Тады не трэба здзіўляцца, што большасць галасуе супраць рэформ і што да ўлады прыходзяць палітыкі, якія іх згортваюць, нягледзячы на тое, што яны прыносяць выгаду з пункту гледжання эканамічнага развіцця», — адзначыў галоўны эканаміст ЕБРР.
Малюнак Transition Report 2016-17.
У першыя гады пераходу да рынку, ад 1989 па 1996 год, выйгрыш ад рэформ дастаўся 5% насельніцтва. Астатнія 95% у гэтыя гады бачылі толькі адмоўны рост даходаў, акцэнтаваў Гурыеў. Якраз у першыя гады пасля рэформ адбыўся найбольшы рост няроўнасці.
За гэтыя 27 гадоў сярэдні тэмп росту даходаў у Расіі склаў каля 70%, то бок амаль 3% у год. Эканаміст зазначае, што лічба нядрэнная, і ў Расіі даходы раслі хутчэй, чым у краінах Заходняй Еўропы. Аднак насамрэч толькі найбагацейшыя 20% расіян могуць сказаць, што іх прыбыткі выраслі. Астатнія ж скажуць, што гэтая лічба ўзятая са статыстыкі. Не гаворачы пра найбяднейшых расіян, чый рост даходаў быў адмоўным.
У Беларусі сярэдні тэмп росту даходаў склаў увогуле каля 80%. Але Гурыеў тлумачыць, што Беларусь прайшла гэты шлях з нашмат меншым ростам няроўнасці і нашмат меншым павелічэннем колькасці багатых і бедных людзей. Тым не менш, у першыя гады рэформ у Беларусі прайгравалі ўсе, што і абумовіла тады рэзка негатыўнае да іх стаўленне.
У дакладзе гаворыцца, што за апошнія шэсць гадоў агульны ўзровень шчасця ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы вырас.
Людзі, што нарадзіліся ў першыя гады рэформ, на 1 см ніжэй
У апытанні, на якім грунтуецца даследаванне ЕБРР, збіраюцца ў тым ліку дадзеныя росту.
«Калі мы зірнём на тых, хто нарадзіўся ў першыя гады рэформ, то ўбачым, што гэтыя людзі выраслі на 1 сантыметр ніжэйшымі. Прыкладна тое самае мы заўважым, калі паглядзім на людзей, якія раслі ў час узброенага канфлікту. Відавочна, што сацыяльныя і эканамічныя выдаткі рэформ былі велізарнымі. Вынік атрыманы ўпершыню, да нядаўняга часу гэтыя людзі працягвалі расці, — зазначае эканаміст. — Можна адзначыць, што яны атрымліваюць лепшую адукацыю, чым тыя, хто нарадзіўся да пачатку рэформ, і больш задаволеныя жыццём. З пункту гледжання сённяшніх маладых людзей пераход да рынку не быў катастрофай. Магчымасці, якія адкрыліся для іх самарэалізацыі, атрымання адукацыі, кампенсуюць той сантыметр, які яны згубілі».
Малюнак Transition Report 2016-17
Непрапарцыйна шмат мільярдэраў
Гурыеў адзначае, што ў краінах, якія развіваюцца, непрапарцыйна шмат мільярдэраў. І гэта адзіны рэгіён у свеце, дзе багацце найчасцей тлумачыцца прыроднымі рэсурсамі.
«Людзі занепакоеныя не тым, што занадта шмат багатых, а тым, што заможныя могуць выкарыстоўваць грошы, каб уплываць на палітычныя працэсы. У нашых краінах ёсць шмат людзей, якія валодаюць індустрыяльнымі актывамі, і грошы, заробленыя ў бізнэс-імперыях, укладваюць у тое, каб уплываць на палітычныя працэсы. Альбо набываюць СМІ для таго, каб змяніць правілы гульні і зарабіць яшчэ больш грошай у сваіх індустрыяльных імперыях, — даводзіць галоўны эканаміст ЕБРР. — Як з гэтым змагацца? Натуральна, гаворка ідзе пра падатак на багацце, на спадчыну, на прыродную рэнту, гаворка ідзе пра павышэнне якасці інстытутаў дзяржкіравання, судовай сістэмы, стандартаў карпаратыўнага кіравання, празрыстасці. Гаворка пра тое, што мы павінны зрабіць так, каб СМІ і палітычныя працэсы былі абароненыя ад уплыву багацця».
Гурыеў акцэнтуе ўвагу, што нам усім у першую чаргу трэба думаць не пра беднасць, а пра канцэнтрацыю багацця на самым версе і няроўнасці. Ва ўсіх павінны быць роўныя магчымасці, мусіць быць доступ да адукацыі, медыцыны, фінансавых паслуг, мабільнасці. Жыхары краін, дзе вялікая няроўнасць магчымасцяў, лічаць, што рэформы ім не выгадныя, і не падтрымліваюць рыначную эканоміку і дэмакратычную палітычную сістэму.
Малюнак Transition Report 2016-17
Калі гаварыць пра няроўнасць магчымасцяў у посткамуністычных краінах, то Гурыеў вылучае тут найперш два фактары — гэта адукацыя і гендар.
«Адукацыя не ўплывае на разрыў паміж мужчынамі і жанчынамі. У нашым рэгіёне жанчыны маюць доступ да адукацыі, яны нават больш адукаваныя, чым мужчыны. Але, як ні дзіўна, і адукаваныя, і неадукаваныя жанчыны адстаюць ад мужчын у даходах прыкладна на 20—25%. Відавочна, што праблема ў размеркаванні працоўных месцаў сярод мужчын і жанчын з аднолькавым узроўнем адукацыі», — адзначыў Гурыеў.
«Прыватная маёмасць, абароненая законам і судом, — незалежны гулец»
Пасля прэзентацыі даклада Сяргей Гурыеў адказаў на шэраг пытанняў, у прыватнасці, у чым прычыны росту маёмаснай няроўнасці за апошняе дзесяцігоддзе?
Паводле слоў галоўнага эканаміста ЕБРР, як ні дзіўна, у цэлым, у свеце няроўнасць хутчэй скарацілася. Але ўнутры некаторых краін, у тым ліку краін з пераходнай эканомікай, унутры заможных краін рост маёмаснай няроўнасці сапраўды ёсць. На думку Гурыева, гэта звязана з тым, што пры пераходзе ад сістэмы, дзе ўсе атрымліваюць адзін і той жа заробак, у сістэму, дзе ёсць магчымасці для прадпрымальніцтва, расце разрыў паміж заробкам кваліфікаваных і некваліфікаваных людзей. Калі ў дадатак не ствараюцца інструменты падтрымкі ўразлівых слаёў насельніцтва, няроўнасць павялічваецца яшчэ больш. Пераход да рынку здарыўся ў момант, калі ў дзяржаў скончыліся грошы і сродкаў на падтрымку самых бедных не было.
У развітых краінах сітуацыя іншая. Як тлумачыць эканаміст, яна звязаная з тэхнічным прагрэсам і глабалізацыяй, якая прыводзіць да палярызацыі працоўных месцаў, калі павялічваецца колькасць месцаў з высокім і нізкім заробкам за кошт скарачэння месцаў з сярэднім даходам.
Адказваючы на адно з пытанняў, Гурыеў таксама патлумачыў, чаму ў многіх постсавецкіх краінах улады не рэфармуюць інстытут дзяржмаёмасці.
«У дзяржмаёмасці ёсць важныя перавагі для палітыкі. Ёю можна карыстацца ў палітычных мэтах. Прыватная маёмасць, абароненая законам і судом, — незалежны гулец. Людзі, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах, ведаюць, што, калі іх папросяць правільна прагаласаваць, яны так і зробяць. Людзі, якія кіруюць прадпрыемствам, ведаюць, што, калі дзяржава папросіць іх ахвяраваць грошы на гэты сацыяльны праект ці на гэтую палітычную кампанію, яны так і зробяць. І ў гэтым сэнсе, канечне, ніхто не хоча страціць кантроль над дзяржпрадпрыемствамі», — сказаў Сяргей Гурыеў.
Запыталіся ў галоўнага эканаміста ЕБРР і пра тое, што рабіць з беднасцю?
«Для барацьбы і з няроўнасцю, і з беднасцю вельмі важна, каб, па-першае, ніхто не паміраў ад голаду і ва ўсіх было цёплае жытло. Другое — зрабіць так, каб у дзяцей гэтых людзей быў доступ да адукацыі. Каб і ў бацькоў дзяцей, якімі б беднымі яны ні былі, быў доступ да аховы здароўя, — адказаў Гурыеў. — У нашай анкеце мы пыталіся, што павінна быць прыярытэтам для дзяржавы? У многіх пераходных эканоміках людзі кажуць — карупцыя. У Беларусі гэта ахова здароўя. Відавочна, што якасць аховы здароўя непакоіць людзей».
Пры канцы Гурыеў зазначыў, што калі няма эканамічнага росту, то адбываецца гульня па пераразмеркаванні аднаго і таго ж пірага. Каб пірог рос, патрэбны эканамічны рост, а для гэтага — эфектыўнасць, канкурэнцыя і прыватызацыя.


