Расея больш ня мае намеру гуляцца ў раўнапраўныя адносіны з былымі савецкімі рэспублікамі.

Журналісты, у тым ліку аналітыкі (калі гэты падвід яшчэ захаваўся ў Беларусі), павінны быць удзячныя Ўладзімеру Пуціну. За шчырасьць. Вядома, былых супрацоўнікаў КГБ, ФСБ ды ўсіх іншых спэцслужбаў не бывае паводле азначэньня. Яны прызвычаіліся заўсёды працаваць у змроку і да скону дзён захоўваюць вернасьць службовай таямніцы. Пуцін – жывое пацьверджаньне гэтай аксіёмы. Ты ня менш, часам прэзыдэнт Расеі дазваляе сабе казаць проста і адкрыта некаторыя рэчы – напрыклад, пра ўзаемадачыненьні з Беларусьсю. Ягоная фраза наконт «мух» і «катлет» пасьпела зрабіцца хрэстаматыйнай.

Аднак, некаторыя айчынныя аналітыкі (назавем гэтую катэгорыю людзей так) усё ж палічылі за лепшае трактаваць гэты выраз выключна як узор расейскага прыгожага маўленьня. Яны схіляліся да думкі, што Пуціну, відаць, больш даспадобы мадэль Эўрапейскага Зьвязу, чым Савецкі Саюз. Ён, маўляў, больш схільны да заходняй дэмакратыі, чым усходніх дэспатыяў і таталітарызму.

Дагнаць і перагнаць ЗША!

Для тых, хто дагэтуль яшчэ нечага не зразумеў, расейскі прэзыдэнт паўтарыў сваю пазыцыю ў сваім пасланьні нацыі 10 траўня. Беларусь ён узгадаў у сваім выступе ўсяго аднойчы – у пляне неабходнасьці далей мацаваць дружбу й супрацоўніцтва. Словаў пра «саюзную дзяржаву» ў пасланьні няма зусім. Тым ня менш, агульная танальнасьць, патас і галоўнае – сэнс пасланьня не павінны ні ў кога пакідаць ніякіх сумневаў у характары замежнай палітыкі Крамля – у тым ліку, што да Беларусі.

Расея ў выступе свайго прэзыдэнта ня проста пазыцыянуе сябе як краіна, якая процістаіць Захаду. Яна ня проста ставіць на мэце дагнаць і перагнаць Захад у ваенных адносінах (калі ня ў колькасных, дык у якасных) паказьніках. Цяжка ўстрымацца, каб ня ўспомніць тут вядомую расейскую байку пра слана... Але, насамрэч, справа выглядае вельмі сур’ёзнай. Расея паводзіць сябе ня так, быццам яна хоча стаць супэрдзяржавай. Яна паводзіць сябе так, быццам яна ўжо ёсьць такой дзяржавай, імпэрыяй, якая можа пагражаць Эўропе ды ўсяму сьвету. Ня атамнай зброяй, дык газам. Расейская газэта «Коммерсантъ» трапна назвала гэта «ваенным капіталізмам».

Калі спробы адкрытага дыктату й шантажу выходзяць на першае месца ў дачыненьнях Расеі з заходнімі краінамі, дык што тады казаць аб яе стасунках з краінамі СНД? Тут ня трэба хадзіць далёка за прыкладам – дастаткова ўспомніць нядаўнія падрывы газаправодаў на мяжы Расеі з Грузіяй, забарону на ўвоз грузінскіх вінаў і мінэральнай вады «Баржомі», аналягічныя захады стасоўна вінаў Малдовы.

У адрозьненьне ад свайго беларускага партнэра, Пуцін у сваіх выступах не імправізуе. Ягонае пасланьне нацыі, да прыкладу, сёлета перараблялася двойчы, паводле ягоных уласных настаяньняў. Але расейскі прэзыдэнт заўсёды гаворыць тое, што ад яго хочуць пачуць, чаго чакаюць, аб чым мараць падначаленыя.

Вядомы расейскі пісьменьнік і журналіст Адяксандар Кабакоў, які ў нядаўнім мінулым лічыўся прагрэсіўным вальнадумцам, напісаў на адным з Інтэрнэт-сайтаў, што няма такой краіны, як Грузія. Паколькі эканамічны патэнцыял Грузіі непараўнальна малы побач з патэнцыялам Расеі, значыць, гэтая краіна ня мае права называцца краінай і чагосьці там патрабаваць ад Масквы – раўнапраўя, павагі, далікатнасьці. Падобныя аргумэнты наконт перавагі эканамічнага патэнцыялу Расеі не аднойчы гучэлі, дарэчы, і ў дачыненьні да Беларусі, пры тым на вельмі высокім дзяржаўным узроўні.

«Есьць кантакт?» – «Будзем есьць кантакт!»

У дадзеным выпадку мы маем справу з развагамі інтэлігентнага чалавека, ці, прынамсі, чалавека, які ўважае сябе за расейскага інтэлігента. І такія настроі, трэба прызнаць, пануюць сёньня ў самых шырокіх слаях расейскага грамадзтва. Ніводзін расейскі тэлеканал, ніводнае буйное выданьне не ўступілася сёлетняй вясной за ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. І не таму, што ўсе расейскія журналісты задушаныя цэнзурай. Большасьць іх піша паводле «веления сердца». Паглядзіце, колькі іроніі ўкладае вядоўца інфармацыйнай праграмы, калі распавядае пра намаганьні грузінскага кіраўніцтва вырашыць праблему экспарту віна, ці аб няпростых перамовах украінскіх палітыкаў у справе стварэньня парлямэнцкай кааліцыі. З такой самай іроніяй вядоўцы распавядаюць і пра нейкую сьмешную беларускую «апазыцыю», якая невядома чаго хоча.

Затое колькі захапленьня ў паведамленьнях пра чарговы запуск ракетаў «Тополь-М»!

Было б памылкай сьцьвярджаць, быццам расейскія журналісты капіююць беларускіх калегаў альбо вучацца ў іх прыслужлівасьці. Тут дзейнічаюць больш агульныя законы, паводле якіх будуюцца і разьвіваюцца аўтарытарныя сыстэмы. Як бы ні грэбаваў Пуцін кантактамі з Лукашэнкам, зь якой бы іроніяй ні ставіўся да свайго калегі, ён сьлед у сьлед паўтарае ўсе ягоныя дзеяньні, скіраваныя на згортваньне дэмакратыі, грамадзянскае супольнасьці, законнасьці.

Толькі ў адрозьненьне ад сучаснай Беларусі ў Расеі ёсьць куды больш моцны ідэалягічны падмурак для адбудовы імпэрыі. Гэта расейская праваслаўная ідэя, якая налічвае тысячу гадоў і якую Масква нікому не саступіць.

Абяззброены Захад

Мала хто ўсур’ёз успрыняў нядаўнюю праваслаўную канфэрэнцыю ў Маскве, на якой царкоўныя герархі фактычна абвесьцілі анафэму самому паняцьцю «правы чалавека». Яны былі названыя нікчэмным спараджэньнем Захаду, якія расчышчаюць дарогу бездухоўнасьці й сэксуальнай распусьце. Абаронцы такіх сярэднявечных падыходаў зь ліку афіцыйных палітыкаў і прыдворных журналістаў тлумачылі падобнага роду заявы ўсяго толькі неабходнасьцю карэкціроўкі «некрытычнага захапленьня заходнімі каштоўнасьцямі» і важнасьці самастойнага курсу Расеі.

«Карэкціроўка» курсу выявілася ў далейшым ціску на недзяржаўныя праваабарончыя арганізацыі, незалежныя мэдыі ды ўзмацненьні антызаходніцкай прапагандысцкай рыторыкі. Асаблівую ярасьць выклікалі заявы амэрыканскага віцэ-прэзыдэнта Чэйні пра адсутнасьць дэмакратыі ў Расеі. (Хоць, здавалася, чаго абурацца, калі дэмакратыя супярэчыць расейскім духоўным каштоўнасьцям?)

У выступе кіраўніка расейскай дзяржавы няма згадак пра рост расізму ды ксэнафобіі, усё больш адкрытыя праявы фашызму, а таксама пра здушэньне свабоды слова. Усё гэта, як вынікае з агульнага зьместу пасланьня, унутраныя справы Расеі, у якія Захад ня мае права ўмешвацца. Такім чынам, быў дадзены «асымэтрычны адказ» на асьцярожныя памкненьні Захаду націснуць на Пуціна, каб ён паспрыяў дэмакратызацыі Беларусі. Гэта прыкладна тое самае, калі б ЗША падчас халоднай вайны спрабавалі б ціснуць на Савецкі Саюз, каб ён паспрыяў, напрыклад, зьмякчэньню рэжыму Чаўшэску ў Румыніі.

Захад, прынамсі Заходняя Эўропа, сапраўды цяпер бязьмежна зацікаўлены ў захаваньні трывалых паставак расейскага газу. Бліскучы прыклад – дамова аб пабудове газаправоду па дне Балтыйскага мора. У гэтай галіне Захад даўно быў гатовы паступіцца прынцыпамі. Крытыкуючы парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, Захад схільны быў не заўважаць такіх самых парушэньняў у Расеі. Адзінае, на што апошнім часам спадзяваліся заходнія краіны, – гэта захаваць свой твар хаця б да саміту G8 у Санкт-Пецярбургу.

Проста застацца

Аднак Пуцін у сваім пасланьні адкінуў маску вонкавай прыстойнасьці і сам назваў рэчы сваімі імёнамі. Ніякія заходнія рэформы Расеі больш не патрэбныя. Яна сама вырашыла несьці свае каштоўнасьці ўсяму сьвету й дамінаваць на ўсёй постсавецкай прасторы. Краіны Захаду пастаўленыя тым самым у двухсэнсоўнае становішча. Пуцін і зь іх сарваў маскі. Ім ужо не да лёсу дэмакратыі і незалежнасьці ў Беларусі. На карту пастаўленыя іх уласныя сувэрэнныя правы – напрыклад, права адстойваць свае дэмакратычныя прынцыпы.

Усьлед за Лукашэнкам Пуцін кінуў Захаду цывілізацыйны выклік. Выклік Лукашэнкі ён доўгі час не заўважаў, потым – дазволіў сабе пахітаць пальчыкам «апошняму дыктатару» Эўропы. Нават не прызнаў апошнія прэзыдэнцкімі выбары легітымнымі. У дачыненьнях жа да Расеі заходнія краіны ня могуць сябе так паводзіць. У сытуацыі адкрытай канфрантацыі Ўсходу і Захаду крытыка Беларусі адсоўваецца, у лепшым выпадку, на задні плян.

Што гэта азначае для Беларусі і яе кіраўніцтва? З аднаго боку, Лукашэнка можа, нібыта, уздыхнуць з палёгкай. Пытаньне аб легітымнасьці апошніх прэзыдэнцкіх выбараў і магчымых санкцыях Захаду ў дачыненьні да беларускага рэжыму робіцца неактуальным. Але ж Лукашэнка трапляе, што называецца, з агню ў полымя. Распараджэньне Пуціна аб пазбаўленьні Беларусі эканамічных прэфэрэнцыяў нясе ёй куды большую пагрозу, чым мітычныя заходнія санкцыі. Незалежна ад таго, ці пацьвердзіцца інфармацыя газэты «Коммерсантъ» аб сакрэтным распараджэньні Пуціна, альбо не, Расея, калі зыходзіць са зьместу ягонага пасланьня, больш ня мае намеру гуляцца ў раўнапраўныя адносіны з былымі савецкімі рэспублікамі.

Наўрад ці яна набярэцца сілаў і нахабства пайсьці на аншлюс Беларусі. (Нават у дачыненьні да слабой Грузіі Масква не рашаецца на варыянт акупацыі, баючыся рэакцыі сусьветнай супольнасьці і асабліва «таварыша ваўка».). Але ў гэтым і няма патрэбы. Беларусь сёньня задавальняе Маскву як сувэрэнны суб’ект міжнароднага права, які ў той самы час застаецца верным яе васалам, «малодшым братам» у барацьбе з Захадам.

Лукашэнку ў гэтай сытуацыі ня трэба рабіць анічога. Адзінае, што ад яго патрабуецца, – проста заставацца самім сабой. Заставацца там, дзе ён ёсьць (а не спрабаваць гуляць на расейскім палітычным полі), і займацца тым, чым ён займаўся дагэтуль – здушэньнем дэмакратычнай апазыцыі, а таксама змаганьнем з усімі праявамі нацыянальнай сьвядомасьці. Наўзамен яму будзе дазволена называцца ў Крамлі «нашым сучым сынам» і заставацца ва ўладзе так доўга, як ён таго захоча. Цэны на газ пры гэтым – самая маленькая цана, якую толькі можна сабе ўявіць.

Замест пастскрыптуму

Твар расейскага прэзыдэнта, які даўно ўжо зрабіўся звыклым, дзякуючы тэлеэкрану, ад нейкага часу дзіўным чынам пачаў здавацца яшчэ больш знаёмым. Быццам я недзе сустракаў гэтага чалавека ў натоўпе. А нядаўна ўспомніў. Такія самыя твары, дакладна з такім самым выразам, давялося не аднойчы бачыць на вуліцах Менску падчас вулічных акцыяў блізу Кастрычніцкай плошчы ці на Акрэсьціна. Невыразныя, безаблічныя, можна сказаць, яны ня кідаюцца ў вочы. Але заўсёды сьцятыя нянавісьцю губы і ваўчыны, «сьвідруючы» позірк лепей за службовае пасьведчаньне выдаюць у іх уладальніках чэкістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0