Беларусь – гэта Быкаў, «Песьняры» і партызаны. А яшчэ звыродлівыя катэджы мытнікаў у Берасьці і нечалавечая працэдура прахаджэньня гэтай самай мытні.
У красавіку творчая суполка НОМ прэзэнтавала стужку пад назвай «Беларуская быль», праца над якой вялася два гады. Вядомы піцерскі музыка і рэжысэр фільму Андрэй Кагадзееў распавёў «НН» пра чарговы кінатвор «НОМфільму».
«Наша Ніва»: Адкуль у вас зьявілася цікавасьць да беларускай тэмытыкі?
Андрэй Кагадзееў: Беларусь для нас – частка той вялікай «сям’і народаў», у якой мы жылі 70 год. Найперш ваша краіна асацыюецца з Васілём Быкавым, ансамблем «Песьняры», белым буслом і партызанамі. Але гэта яшчэ і жахліва дарагія і звыродлівыя катэджы мытнікаў у ваколіцах Берасьця і рэдкая па ўбостве, нечалавечая працэдура прахаджэньня гэтай самай мытні, якая найлепшым чынам характаразуе «парадак», што так услаўляе ваш прэзыдэнт...
«НН»: Якімі крыніцамі вы карысталіся пры працы над фільмам? Ці адбіліся на «Беларускай былі» традыцыі «беларусьфільмаўскіх» стужак?
АК: Апошні прадукт ад «Беларусьфільму», які я бачыў, – «Паміж жыцьцём і сьмерцю» зь Яўгенам Сідзіхіным ў галоўнай ролі. Ніякіх станоўчых уражаньняў стужка не пакінула. Такое адчуваньне, што ў галовах стваральнікаў падобных фільмаў адбыліся незваротныя працэсы, выкліканыя ці то хадой вашай гісторыі, ці то праўленьнем аднаго чалавека цягам такога доўгага часу. Пры стварэньні фільму я карыстаўся выключна асабістымі ўражаньнямі ад шматразовых наведваньняў Беларусі.
«НН»: Як рэагавала публіка на паказах у Маскве і Піцеры?
АК: Фільм атрымаўся цалкам адпаведным першапачатковай задуме. Асабліва ўдалай лічу апэратарскую працу ды акторскую ігру. Прэм’ерныя паказы сабралі шмат гледачоў, прычым праходзілі яны не ў кінасалёнах, а ў клюбах. Паколькі мы працуем у жанры «палітнекарэктнай камэдыі», люд і рэагаваў адпаведным чынам. Так што на паказах рогат не сьціхаў.
«НН»: Ці пабачаць «Беларускую быль» у Беларусі?
АК: На жаль, паказу фільму ў Беларусі не плянуецца, але дыск можна замовіць праз наш сайт.
Гутарыў Сяргей Будкін
❏
«Беларуская быль»
трэці фільм вытворчасьці суполкі «НОМфільм». Да гэтага былі стужкі «Пасека» і «Геапаліпы», прэзэнтаваныя на Ратэрдамскім кінафэстывалі-2005. НОМ таксама мае калекцыю сваіх ранейшых кіна- і відэапрацаў, сабраную на трох DVD. Усю гэтую прадукцыю можна замовіць праз сайт гурту ў разьдзеле «Глупы дом».
Дзея «Беларускай былі» пачынаецца ў 1945-м, калі савецкія салдаты вяртаюцца дамоў з Бэрліну з рознымі «адваяванымі» трафэямі. Герой фільму – жаўнер беларускай нацыянальнасьці – выбіваецца з агульнай масы. Ён разумнейшы за астатніх і вязе зь Нямеччыны дарожны знак. Падзеі фільму пачынаюць разгортвацца ў паваеннай Беларусі, а потым дзея пераходзіць у наш час.