Мы звыклі, што кітайцы едуць да нас (следам за таварамі): студэнты, будаўнікі, інвестары. А тут беларус, 31-гадовы ўраджэнец Берасця Міхал Калгін, перабраўся ў Паднябесную ў пошуках зямлі і долі.

Міхал Калгін выдзяляецца з натоўпу сваім яркім вобразам.

15 гадоў таму Міхал пакінуў Берасце дзеля навучання ў ЗША. Менавіта там юнак захапіўся стэндапам дзякуючы суседу па студэнцкім інтэрнаце. Пасля заканчэння вучобы Калгін прыняў рашэнне пераехаць у Кітай.

Шанхайскі комік

— На дадзены момант я выступаю 4 разы на тыдзень. 3 вечары ў Шанхаі і 1 — у Сучжоў. Някепска, праўда? Пакуль што сумяшчаю выступы з асноўнай працай, але спадзяюся, што ў недалёкай будучыні змагу прысвяціць стэндапу ўвесь мой час.

З нядаўняга часу ў Шанхаі моцна пачаў прасоўвацца стэндап.

Тут асаблівым попытам карыстаецца ўсё заходняе.

Афішу з мінскім АМАПам можна ўбачыць у Шанхаі.

Афішу з мінскім АМАПам можна ўбачыць у Шанхаі.

Я выступаю ў адным з найлепшых месцаў у горадзе, наша пляцоўка называецца «Кунг-фу камедзі». На шоу сюды збіраюцца звычайна англамоўныя, хаця часам прыходзяць і кітайцы.

У мяне бываюць падазрэнні, што кітайцы не разумеюць да канца, чаму смяюцца, але проста ходзяць для статусу і кампаніі.

Два гады запар на прадстаўнічым фэстывалі стэндапу ў Ганконгу каманда нашага шоу займала не толькі першае, але і другое найлепшае месца. Не так даўно мы разрасліся, і адкрылася нават філія ў Нью-Ёрку, за сто метраў ад знакамітага «ComedyCellar».

Міхал на сцэне. 

Міхал на сцэне. 

— Як пачалося захапленне камічным жанрам?

— Ва ўніверсітэце ў мяне праявілася жаданне пісаць. Я пісаў невялікія апавяданні і слухаў стэндап. Біл Хікс, Дэвід Крос і іншыя проста кружылі галаву, але я ніколі не думаў, што пачну рабіць нешта падобнае.

Пасля навучання я перабраўся ў Кітай і выкладаў англійскую ў адным з універсітэтаў, даволі добра зарабляў, хаця абсалютна не ведаў кітайскай, з якой і цяпер складана. Пастаянна знаходзіш даволі вузкае кола носбітаў англійскай ці расійскай, а ў кітайскай амаль патрэбы няма. Пасля перабраўся ў Сучжоў і перайшоў працаваць у IT-кампанію. У 2010 годзе адзін мой сябра, які цяпер выступае ў ЗША, Тэрнэр Спаркс, пачаў займацца стэндапам, вось тут і я загарэўся. Напісанне першага ўласнага пяціхвіліннага сэту заняло амаль год!

— Атрымліваецца, што ты амаль год рыхтаваўся да першага выступу? Памятаеш яго?

— О, так. Першы выступ адбыўся якраз у Шанхаі. Там публіка абсалютна разнамасная, бо міжнароднае кам’юніці ў горадзе проста аграмаднае. Я сустрэў людзей розных краін і шляхоў, таму рыхтаваўся трошкі па-за мясцовым кантэкстам. Дамовіўся з маім знаёмым Тэрнэрам, і арганізавалі шоу. Я быў прадзюсарам шоу, а таксама выступіў у яго на разагрэве, выступаў каля 10 хвілін. Усё прайшло, бы ў тумане, хваляваўся моцна, проста не памятаў пасля, што адбылося, але зразумеў галоўнае, што гэта тая справа, якую так доўга шукаў у жыцці.

— А як у кітайцаў з пачуццем гумару? Кажуць, што яны нервова рэагуюць на жарты і ўвогуле не надта эмацыйныя.

— У іх дагэтуль развітая сістэма «блакітных агеньчыкаў» з пераапранутымі бабулямі і эстраднымі прыёмамі — усё паводле старой савецкай школы.

Мільёны людзей, якія невядома з чаго смяюцца, здаецца, гатовыя смяяцца ўвогуле з чаго заўгодна. Заходнія рэчы там дагэтуль — рэдкасць. Праўда, калі раней на розных шоу гучала толькі англійская, то цяпер сустракаюцца і кітайскамоўныя шоу. У асноўным там распаўсюджаны спецыфічны «абзэрвэйшанал» гумар. Калі казаць простай мовай — побытавыя назіранні. Напрыклад, аб праблемах грамадскага транспарту. Той, хто ім карыстаецца, часта адчувае сябе дровамі. Штука ў тым, што кітайцы вельмі заточаныя да здабычы выгодаў і камфорту, якім бы дзіўным гэта не падавалася. Да 27 год у цябе павінна быць уласная машына, кватэра, добрая адукацыя, а калі няма — то ты проста лузэр. Калі ты карыстаешся грамадскім транспартам — то ты таксама амаль лузэр.

— Дарэчы, ці моцна ў Кітаі на коміках адбіваецца цэнзура? На дарма ж у краіне быў распрацаваны нават магутны «фаервол», каб блакаваць інтэрнэт-рэсурсы.

— Не. У прынцыпе ў Кітаі можна жартаваць на любыя тэмы. Там, вядома, ёсць правіла «3Т» — Тыбет, Т'яньаньмэнь, Тайвань. Пра іх не жартуюць, я дагэтуль не чуў ніводнага смешнага жарту на гэтую тэму. Гутарыць можна нават пра палітыку. Нават пра камуністаў. Пра іх я звычайна жартую, калі закранаю тэму Беларусі. Яна ў маіх аповедах заўжды такая міфічная і з’яўляецца ўвасабленнем постсавецкага свету. Напрыклад,

магу прадставіцца ў новым месцы, што я з Беларусі. Людзі, безумоўна, не ведаюць, дзе гэта, і я кажу, што нават я сам нядаўна загугліў, дзе Беларусь, а Google не даў вынікаў. Дадаю, што Google заблакаваны ў Кітаі.

Жыццё ў Кітаі і экспансія беларускай гарэлкі

— А вось жыццё ў Кітаі: які сярэдні дастатак і наколькі актуальнае экалагічнае пытанне? Не так даўно ўвесь свет чарговы раз абляцелі відэа жудаснага смогу ў Пекіне.

— Экалогія, насамрэч, трошкі турбуе.

Шанхай, вядома, не такі індустрыяльны, як суседнія правінцыі, але і тут адчуваецца моцная забруджанасць. У мяне дома нават стаіць адмысловы ачышчальнік паветра, які я набыў, як толькі пераехаў туды жыць. Часам прыходзіцца насіць маску.

Але я гатовы гэта трываць. Агулам,

я калісьці вырашыў пераехаць у Кітай, бо зразумеў, што там буду мець больш магчымасцей, чым у Штатах.

У Каліфорніі можна сустрэць процьму рускамоўных афіцыянтаў у кавярнях і рэстарацыях, і некаторыя называюць гэта «амерыканскай марай». Але мне здаецца, што людзі проста не разумеюць сутнасць панятку. Гэтая мара — не проста зваліць у Штаты, яна палягае ў тым, каб пабудаваць сваё жыццё і забяспечыць дзяцей лепшымі ўмовамі.

Талеркі можна мыць ці прыбіраць смецце паўсюль, а рэалізаваць сваё жыццё і таленты, ствараць — вось у чым тая мара. Кітай сёння стварае такія ўмовы. Мабыць, шмат у чым нават лепш за ЗША.

— А ў чым гэта заключаецца?

— Тут дзяржава ўкладае грошы ў адукацыю і англійскую мову.

Я першы час уладкаваўся настаўнікам і меў выдатныя грошы, падобныя да гадзіннага ганарара псіхатэрапеўта ў Манхэтане.

Амерыканец тут можа спакойна зарабляць 80 даляраў на гадзіну, а тое і болей. Я некалькі разоў быў суддзёй на дзіцячых моўных і артыстычных конкурсах і захапляўся тым, як 9-гадовыя хлопцы і дзяўчаты размаўлялі абсалютна без акцэнту. Ужо відавочна, які плён гэта прыносіць Кітаю. А

для англамоўных тут адкрытыя амаль усе дзверы, бо кітайцам патрэбныя іх веды, досвед і мова. Бо практычна ўся галоўная прафесійная літаратура выходзіць на англійскай.

— А што тычыцца тавараў — ці яны такія ж дасяжныя?

— Цяпер я жыву на беразе невялікага возера, за 5 хвілін ад мяне нямецкая пякарня і вялізны маркет, дзе можна набыць цудоўны сыр, свежае малако і ўсё, што пажадаеш. Праўда бываюць праблемы з інтэрнэтам і знакамітым «фаерволам» і тым, што даводзіцца плаціць 6 даляраў за новы VPN, каб карыстацца Facebook-ам ці Укантакце.

Пры жаданні тут усё можна. Таксама тут ёсць адмысловы падатак на замежныя тавары, асабліва тэхніку. Хочаш мець нешта заходняе — плаці дадаткова.

Дарэчы, з нядаўняга часу некаторыя тавары з Беларусі пачалі экспансію ў мясцовых крамах. З апошняга, што заўважыў — гарэлка і чыпсы пласцінкамі. Напісана, што «вострыя», але для мясцовай кухні яны, канечне, зусім не вострыя.

— А як з сярэднім заробкам? Апошнія некалькі дзесяцігоддзяў буйныя карпарацыі якраз пераносілі сваю вытворчасць у Кітай з-за мізэрных заробкаў мясцовага насельніцтва. А ў Беларусі нядаўна, напэўна, чуў пра тое, што Лукашэнка паставіў задачу здабыць 500 на год?

— Нядаўна гутарыў з супрацоўнікам цырульні, які казаў, што ён з беднага рэгіёна Кітая, дзе зарабляюць якраз тыя 500 даляраў. Агулам тут не праблема здабыць каля 1500$ на месяц і болей. Кошт жытла прыкладна такі самы, як і ў Мінску. Хаця ў Шанхаі ёсць папулярныя кварталы «French Concession», дзе стаяць старыя дамы, якія каштуюць у 3-4 разы больш. Калі ў мяне пытаюць, чаму я там не жыву, то адказваю, што, калі б хацеў паехаць у разбомбленыя дамы, то вярнуўся б у Беларусь.

Міхаіл з сынам. 

Міхаіл з сынам. 

— Шанхай моцна збяднеў пасля таго, як у краіне запанаваў камуністычны рэжым, мясцовых жыхароў абкладалі вялізнымі падаткамі, і толькі за апошнія 20 гадоў Шанхай наноў пачаў развівацца, нават паспеў стаць адным з найбуйнейшых фінансавых цэнтраў свету. Горад, напэўна, моцна захапляе?

— Гэта проста грамадны горад, у якім ёсць усё ў плане моды, мастацтваў… Нядаўна сюды «Metallica» прыязджала. У плане росту горада і архітэктуры таксама. Такія штукі будуюць, што Нацыянальная бібліятэка проста нагадвае футбольны мяч. Адзінае, што дастаўляе праблемы, — транспартная сістэма, бо часам з-за трафіку і культуры кіравання проста хочацца заставацца дома і нікуды не выходзіць. Нават хамствам паводзіны на дарозе не назавеш. Ніхто вас тут на пераходзе не прапусціць. А яшчэ

часта сустракаць стаў выхадцаў з Беларусі, асабліва дзяўчат. Я сам па клубах не хаджу, але даведваюся, што беларускі часта працуюць па шэрых схемах у клубах. П’юць і гутараць з наведвальнікамі. Чым сканчваюцца такія «размовы», я проста не хачу нават думаць.

Беларусь. Бярозаўка. Алексіевіч

Некалькі разоў на год Міхал прыязджае ў Беларусь, каб адпачыць. Дзеля сяброў і дзеля экалогіі.

— Прыязджаю пару разоў на год у Беларусь і заўжды найперш прыходжу ў кнігарню «Ў», каб пачытаць беларускія навінкі. Заязджаю ў родную Бярозаўку (адзін з раёнаў Берасця).

— Што з апошняга прачыталі?

— Агулам хачу сказаць, што ўзровень сучаснай літаратуры вельмі слабы.

Усе рэкамендавалі «Мову», а я прачытаў і расчараваўся.

Аднолькавыя героі, сумны сюжэт, не магу зразумець, чым там асабліва захапляцца.

Чытаў Алексіевіч і «Хвілінку» — таксама нічога асаблівага. Так, ёй далі Нобеля, але ж яе цяжка далучыць да пісьменнікаў. Хутчэй, ёй далі прэмію, як і Абаму, проста каб адзначыць нейкую з’яву. Пра стэндап скажу тое ж самае.

— То бок ты ўвогуле не называеш тое, што часта круцяць у Беларусі, стэндапам?

— Ты заўжды ацэньваеш стэндап па тым, наколькі ён «special».

Калі вы паглядзіце майго любімага Патрыса О’Ніла і ягоны «Elephant in the Room», а пасля — апошняе з Паўла Волі, то зразумееце, што гэта проста непараўнальна.

Адзінае з расійскамоўнага, што можна адзначыць, гэта Грышкавец.

Там усё ад душы і шчыра. Бачна, што ён піша не проста для таго, каб рассмяшыць, а таму, што гэта насамрэч цікава. Я заўважыў, што на прасторы СНД часта выкарыстоўваюць перакладныя жарты і нават не разумеюць, што гэта кепска. Людзі не разумеюць, што жанр мусіць выходзіць з сэрца. Ну і канешне, стэндап мае быць даволі мінімалістычным і атмасферным. Сцэна, прыглушанае святло ці суцэльная цемра з адным вялізным прамянём пражэктара, які асвятляе мікрафон і выступоўцу.

— Ты распавядаў, што вырас на раёне. Родная Бярозаўка цябе чаму-небудзь навучыла?

— Напэўна, самы галоўны берасцейскі ўрок — «дзяржаць морду кірпічом».

Сёння многія асуджаюць, што я дарма сыходжу з IТ, што дарэмна станаўлюся прафесійным комікам. Нехта гаворыць, што ў мяне вялізнае эга, але я задаюся пытаннем, якое трэба мець эга, каб сказаць іншаму чалавеку, што ў яго вялізнае эга?

Вось тут пачынаеш цаніць дзяцінства ў Бярозаўцы, якое навучыла не зважаць на меркаванне іншых і дасягаць сваёй мэты.

Мне з дзяцінства было важна тое, на што іншым было напляваць. Я ездзіў у школу амаль гадзіну з парваным заплечнікам, вяртаўся позна дадому. Калі да родных ездзіў у Мінск, заўжды меў кішэнныя грошы. Мае сябры пакурвалі, а я купляў сабе кілаграм бананаў, напрыклад. 

— Ці ёсць у цябе мары, звязаныя з Беларуссю, калі ты дасягнеш поспехаў у сваёй справе?

— Так.

Я мару аднойчы адкрыць у Мінску сваю кавярню і шоу. Ужо назву нават прыдумаў — «Laughter in the Dark».

У гонар аднаго з твораў Набокава, які менавіта так перакладаецца на англійскую мову, а ў арыгінале завецца «Камера абскура». Хочацца, каб там было ўсё прыгожа, з зацемненай залай і толькі адным ліхтаром, які трошкі падсвечвае сцэну. Дзе крэслы будуць максімальна блізка да сцэны, важнасць чаго ў нас у прынцыпе не разумеюць.

У месца будзе дэвіз «І ўсмешка ў цемры свеціць, і цемра яе не агарнула».

* * *

На гэтым тыдні, у чацвер 2 лютага, Міхал Калгін з сябрамі правядзе невялікае англамоўнае стэндап-шоу ў бары «Хуліган» у 20:00.

Пасля комік зноў вернецца ў Кітай. Хочацца верыць, што з часам для таго, каб знайсці сябе і рэалізаваць сваю мару, беларусу не прыйдзецца пераадольваць тысячы кіламетраў па дарозе ў Штаты ці Кітай, а мы сфармулюем сваю, хай пакуль і невялікую Беларускую мару, і будзем верыць у яе ўвасабленне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?