Сёння, 2 лютага, каталікі адзначаюць Грамніцы (15 лютага іх святкуюць праваслаўныя). Царкоўная назва «Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста» — «Стрэчанне».
На Грамніцы ў цэрквах свецяць свечкі, каб яны аберагалі хаты ад перуна.
Народная мудрасць кажа: «Грамніцы — палавіна зіміцы, маразоў палавіцы», ад сёння сонца павяртае на вясну.
Народныя прыкметы такія: «Як на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, дык на Юр’я [23 красавіка, ці 6 мая] вол наесца травіцы» (калі сёння адліга, то і вясна будзе ранняй),
«Як на Грымніцы адліга, з ураджаю будзе хвіга» (вясна ранняя не спрыяе добраму ўраджаю, бо рана высыхае зямля).
Што праўда, сёння ў Беларусі халаднавата. З раніцы ў Мінску было мінус 6. Таму згодна яшчэ з адным павер'ем, мядзведзь у гэты дзень пераварочваецца на другі бок.
У сусветнай культуры сённяшні дзень атрымаў назву Дзень сурка. Тыя ж Грамніцы, але ў амерыканскай традыцыі.
У старажытным Рыме з нары даставалі вожыка, старажытныя германцы і кельты — барсука, або нават будзілі мядзведзя.
У паўночнай Амерыцы ні вожыкі, ні барсукі шырока не вадзіліся, будзіць мядзведзя было небяспечна, а вось суркоў было дастаткова.
Самы вядомы — сурок Філ з Панксатоні (Пенсільванія)
Лічыцца, што вясна будзе ранняй, калі Філ вылезе з нары і не спалохаецца свайго ценю (гэта значыць сёння павінна быць пахмурнае надвор'е). Калі ж Філ пабачыць цень (будзе сонечна), то вясны прыйдзецца чакаць яшчэ шэсць тыдняў.
Традыцыя даставання сурка з нары ідзе ад 1886 года, а Філ праславіўся дзякуючы фільму «Дзень сурка» з Білам Мюрэем у галоўнай ролі.
Так што, калі ў вас ёсць знаёмы сурок, можаце таксама адсачыць прагнозы наконт вясны.
