У дачыненні да службовых асобаў школы, у якой вучылася дзяўчынка, што загінула на полі падчас уборкі ўраджаю, распачата крымінальная справа. Пра гэта паведаміў пракурор Мінскай вобласці Алег Лаўрухін.

Фота Дар'і Буракінай

Пракурор пракаментаваў гібель школьніцы на полі ў Маладзечне.

— Сітуацыя да канца не вырашана, — заявіў Алег Лаўрухін. — Так, кіроўца панёс пакаранне, але цяпер у дачыненні да службовых асоб школы заведзена крымінальная справа. Вывучаецца, як дзяўчынка ўсё-такі апынулася на полі. Не выключана, што гэтая справа таксама пойдзе ў суд.

Нагадаем, 29 верасня падчас выканання сельскагаспадарчых работ у СВК «Усход-Агра» загінула вучаніца 8-га класа сярэдняй школы № 11 Маладзечна 13-гадовая Вікторыя Папчэня — на яе наехаў грузавік з бульбай. У дачыненні да кіроўцы распачалі крымінальную справу.

У пачатку кастрычніка бацька школьніцы Алег Папчэня накіраваў заяву ў Дэпартамент дзяржінспекцыі працы. Ён прасіў правесці спецыяльнае расследаванне няшчаснага выпадку. На думку праваабаронцаў, у дзеяннях наймальніка (СВК «Усход-Агра») і чыноўнікаў сферы адукацыі (якія непасрэдна адправілі школьніцу на сельгасработы) ўгледжваецца цэлы шэраг парушэнняў.

У канцы кастрычніка Маладзечанскі міжраённы аддзел Дэпартамента дзяржінспекцыі па працы адмовіў у расследаванні. Галоўным аргументам было тое, што ў Беларусі заключаць працоўны дагавор дапускаецца толькі з грамадзянамі ва ўзросце ад 14 гадоў — а загінулай было ўсяго 13. І «ні працоўных, ні грамадзянска-прававых адносін паміж ААТ «Усход-Агра» і школьніцай не ўстаноўлена» - а без іх і расследавання не будзе. Тады сям'я школьніцы звярнулася ў суд.

У снежні суд Маладзечанскага раёна адмовіў у задавальненні іскавых патрабаванняў бацькі. І толькі абавязаў аддзел адукацыі правесці сваё спецрасследаванне са складаннем акта формы Н-2 па выніку (як няшчасны выпадак з навучэнцам).

Пасля гібелі 13-гадовай Вікторыі Папчэня вымовы атрымалі дырэктар школы, дзе вучылася дзяўчынка, і начальнік аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама. Высветлілася, што яшчэ вясной Міністэрства адукацыі рассылала ліст, дзе ўказвала на забарону прыцягнення школьнікаў да сельгасработ.

У канцы снежня суд Маладзечанскага раёна вынес прысуд кіроўцу грузавіка: 22-гадоваму Паўлу Цыбіну далі 3 гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. На думку боку абвінавачвання, ён мог убачыць дзяўчынку ў люстэрка задняга выгляду, але пачаў рух заднім ходам і праявіў няўважлівасць. Бацькі школьніцы не патрабавалі ў кіроўцы кампенсацыі маральнага і матэрыяльнага ўрону.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?