Грамадзян Беларусі ўвядзенне пагранічнай зоны ніяк не закране, заявілі БелаПАН у пагранслужбе Федэральнай службы бяспекі Расіі.

«Для грамадзян Беларусі, якія перасякаюць мяжу з Расіяй, усё застанецца як раней: пры сабе трэба мець толькі пашпарт, ніякіх дадатковых дакументаў не патрабуецца», — падкрэсліў прадстаўнік пагранслужбы ФСБ. Рашэнне расійскага боку тычыцца грамадзян трэціх краін, якія едуць з Беларусі ў Расію.

Пра тое, што Расія ўсталёўвае пагранічныя зоны на тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей, што мяжуюць з Беларуссю, стала вядома 1 лютага. Адпаведныя загады былі падпісаныя дырэктарам Федэральнай службы бяспекі Расіі Аляксандрам Бортнікавым 29 снежня 2016 года і набудуць моц 6 лютага.

Пагранзона дэталёва прапісаная для кожнага раёна на тэрыторыі трох расійскіх абласцей і прывязаная да геаграфічных каардынат. Пагранупраўленням ФСБ у Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцях загадана ўстанавіць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у памежную зону, а таксама ўсталяваць на ўездах у пагранзону папераджальныя знакі.