«Марзалюк віртуозна і напоўніцу засвоіў цынічную і лжывую мову беларускіх чыноўнікаў, калі тыя выказваюцца па моўным пытанні, — піша ў сябе ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч. — Як той казаў, з ваўкамі жыць — па-воўчы выць:

«Калі мы гаворым пра еўрапейскасць, давайце на першы план ставіць свабоду выбару чалавека. Нішто так не адштурхвае і не выклікае алергію, як прымус і гвалт у гэтым вельмі далікатным пытанні».

І гэта пры тым, што пыталіся ў яго, калі верыць матэрыялу БелаПАН, усяго толькі пра тое, «ці лічыць ён неабходным з'яўленне беларускамоўнага ўніверсітэта ў Беларусі».

Не пра тое ішла гаворка, каб заганяць ва ўніверсітэт кагосьці пры дапамозе прымусу і гвалту, а толькі пра тое, ці трэба, каб у афіцыйна дзвюхмоўнай краіне такі ўніверсітэт існаваў у прынцыпе. Паводле дэпутата-прафесара — не, канечне, такі ўніверсітэт нам без патрэбы, бо «ў некаторых ВНУ ёсць цалкам беларускамоўныя спецыяльнасці — напрыклад на гістарычным факультэце БДУ». І сапраўды — навошта нешта большае, калі для пускання пылу ў вочы і гэтага цалкам хапае? Такая вось свабода выбару атрымліваецца — калі выбару на практыцы няма.

Калі ты па нейкіх прычынах хочаш атрымліваць адукацыю не на гістфаку БДУ — а такія людзі сярод беларускамоўных таксама бываюць, як гэта ні дзіўна.

Ну, і вядома, дзяжурныя згадкі пра Ірландыю і іўрыт. Нічога арыгінальнага, карацей. Адну і тую ж жуйку ўсе жуюць», — падсумоўвае Аляксандр Пашкевіч.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?