Беларускі народ беражліва ставіцца да захаваньня багатай спадчыны нацыянальнай культуры. Гэта адзначыў намесьнік міністра культуры Кітаю Лі Хунфэн у прывітальным выступленьні на афіцыйным адкрыцьці Дзён культуры Беларусі ў Пэкіне ў Beijing Concert Hall. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў КНР, тут жа адбыўся галя‑канцэрт з удзелам артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча. Лі Хунфэн адзначыў высокі прафэсіянальны ўзровень калектыву.

Кітайскія гледачы горача ўспрымалі выступленьне беларускіх артыстаў. Гучныя авацыі выклікалі песьня «Рабінушка» і танец «Мяцеліца». Разам з хорам гледачы сьпявалі такія вядомыя і ў Кітаі песьні, як «Кацюша», «Калінка» і «Падмаскоўныя вечары». Пра вялікую цікавасьць да выступленьня беларускіх артыстаў сьведчыць колькасьць гледачоў на канцэрце ў г.Хуайжоў — на плошчы перад сцэнай сабраліся амаль 5 тыс. чалавек.

У рамках Алімпійскага фэстывалю культуры хор імя Генадзя Цітовіча выступіў на сцэне залы Пекінскага ўнівэрсытэту ў галя‑канцэрце, прысьвечаным адкрыцьцю 9‑га Кітайскага міжнароднага фэстывалю харавых сьпеваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0