Аляксандр Лукашэнка лічыць, што асуджаны бізнесмен Аляксандр Мураўёў «хацеў змахляваць» у пытанні аздараўлення перададзенага яму ў кіраванне дзяржаўнага прадпрыемства «Мотавела».

«На ўзроўні ж прэзідэнта пытанне вырашалася, ён жа да мяне прыпоўз. І я яму забяспечыў ўсё — ад даху да падтрымкі самай рэальнай», — сказаў Лукашэнка 3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ і экспертамі.

«І ён (Мураўёў) пачаў жульнічаць. Паабяцаў 20 мільёнаў укласці, стварыць найпрыгажэйшае прадпрыемства. А што такое веласіпед для народа, зразумела, і я з гэтага зыходзіў. Ён сказаў: «20 мільёнаў укладу, федэрацыю ўзначалю (веласіпеднага спорту) і іншае. Добра. «Вось, я гэта зраблю». Добра. Але май на ўвазе — адкажаш. Я шчыра вам скажу, я яму тады так сказаў: не зробіш — сядзеш у турму. Ён засмяяўся: «Ну што вы, Аляксандр Рыгоравіч, шклозавод «Ялізава», колькі я там быў, колькі я ім дапамагаў? Дваццаць мільёнаў ўкладу». Што ён пачаў рабіць? «Я як бы ўклаў праз нейкія там фірмачкі, пасярэднікаў і гэтак далей». Думаў: маўляў, я аўстрыец, значыць усё магчыма, і Лукашэнка баіцца аб інвестыцыях і нічога з ім не зробіць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Ну, урэшце, мы глядзелі-глядзелі за гэтым прадпрыемствам і ён ужо прыйшоў да старшыні Мінгарвыканкама (на той момант гэта быў Мікалай Ладуцька) з прапановай прадаць гэтыя землі, таму што неперспектыўныя ў развіцці веласіпеднай вытворчасці. Ладуцька да мяне — і пачынае яго падтрымліваць. І калі ўсё рухнула, я Ладуцьку туды адправіў генеральным дырэктарам. Вось тое, што вы не ведаеце, вось так гэта было па-чалавечы», — сказаў Лукашэнка.

«Я не быў прыхільнікам, каб яго пасадзілі, — падкрэсліў ён. — Але я яму нагадаў, што я яму казаў, і другое: калі толькі ў цябе знойдуць парушэнні закона і махлярства — я цябе абараняць не буду. Ён сядзіць. Усё было проста: ты ўлез на ўзровень прэзідэнта, абяцаў — выконвай. Дзесьці не атрымалася — не хлусі, гэта ж прэзідэнт, у нас жа дыктатура. Дык ты ж бойся гэтай дыктатуры».

У жніўні 2007 года Беларусь прадала 99,72% статутнага фонду ААТ «Мотавела» кампаніі ATEC Holding GmbH, якая належыць Мураўёву і зарэгістраваная ў Аўстрыі. Аднак праз пяць гадоў, у верасні 2013-га, Аляксандр Лукашэнка наведаў «Мотавела», застаўся незадаволены яго працай і запатрабаваў безумоўнага выканання планаў па яго развіцці. Лукашэнка тады нагадаў, што адным з найбольш важных умоў продажу «Мотавела» было захаванне яго спецыялізацыі і ўкладанне ў 2007—2012 гадах у развіццё вытворчасці не менш за 20 млн долараў, аднак пастаўленыя ўмовы былі выкананыя толькі часткова. Кіраўнік дзяржавы таксама застаўся незадаволены тым, што не ўся тэрыторыя прадпрыемства задзейнічана пад вытворчасць, як было агаворана, каля чвэрці плошчаў здаваліся ў арэнду.

У чэрвені 2015 года Мураўёў быў затрыманы. Пытанні ў следства былі не толькі да працы «Мотавела», але і шклозаводаў ў Ялізава і Гомелі, створаных з удзелам АТЕС Holding GmbН. Шклозавод «Ялізава» быў прызнаны банкрутам. 30 студзеня гэтага года Аляксандр Мураўёў прысуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі. Па рашэнні суда дзяржаве адыходзяць усе акцыі ААТ «Мотавела», якія належаць Мураўёву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?