Нацыянальнай ідэі ў Беларусі да гэтага часу няма, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ 3 лютага.

«Гэта называецца праўладны журналіст, горш пытання не задасі, калі сказаць няма чаго. Няхай бы ўжо Сярэдзіч (галоўны рэдактар газеты «Народная воля») задаў», — пачаў Лукашэнка адказваць на пытанне аглядальніка тэлеканала «Беларусь-1».

«Коратка і шчыра: ні я, ні Радзькоў (старшыня РГА «Белая Русь»), які цэлую кніжку напісаў, ні Рубінаў (былы спікер Савета Рэспублікі), які таксама кніжку напісаў пра нацыянальную ідэю, яны да гэтага часу ў мяне прама на стале ляжаць у загараднай рэзідэнцыі. Я ўжо іх не чытаю. Але тое, што яны прапрацоўвалі і выпрацоўвалі…, пачынаючы ад патрыятызму і філасофскай асновы…, усё гэта правільна, але на душу і сэрца не кладзецца. Патрэбна такая ідэя, выразна і коратка сфармуляваная, каб яна захапіла ўсіх… Нават вось кіты…, Давыдзька, Кісель там, Казіятка (кіраўнікі дзяржаўных тэлеканалаў) і іншыя, мы іх прыцягвалі, я ўжо не кажу пра Паўла Ізотавіча Якубовіча (галоўны рэдактар газеты «Советская Белоруссия»), ён ужо плюецца ад гэтай ідэі, яму ўжо гэта надакучыла. Мы ніяк не змаглі яе адміністрацыйным чынам сфармуляваць. Я ўсё больш пераконваюся: мабыць, мы не прыйшлі ў сваім развіцці да той кропкі, калі б гэтая ідэя ўдарыла усіх па мазгах і па сэрцы», — сказаў Лукашэнка.

«І я супакоіўся, — прадоўжыў ён. — Думаю, ну раз грамадства нічога прапанаваць не можа і я таксама не магу прыдумаць і нават баюся гэта казаць, таму што гэта вельмі адказна … Жывём як жывем без гэтай ідэі, а хацелася б. Але яе няма, яе няма. І я абсалютна перакананы: выдумаць яе немагчыма. Нас да гэтага павінна падвесці само жыццё, само развіццё нашай краіны. Занадта мала, напэўна, мы пражылі як абсалютна суверэнная і незалежная дзяржава. Нават Расія не ў стане яе сёння сфармуляваць. Розныя там прапановы чую і пасмейваюся з іх. Яны хварэюць тым жа, чым мы калісьці хварэлі: вось адміністрацыйным чынам, ад імя прэзідэнта, чагосьці сфармуляваць, я кажу, нават кніжкі пісалі. А потым у мяне розуму хапіла спыніцца і не наламаць дроў… Трэба быць вельмі дакладнымі, акуратнымі. І каб гэта захапіла ўсіх: і цябе, і мяне, і Іосіфа (Сярэдзіч), і Яраслава (Раманчук, эканаміст) і іншых. Тады гэта будзе ідэя. Але яе няма. Можа быць, я яе не бачу. Гэта ўжо вам мінус. Вы павінны данесці яе да мяне… Але фармуляваць яе трэба, таму што гэта — коратка — рух наперад, пасланне ўсім пакаленням нашым будучым, як калісьці савецкая ўлада фармулявала, дрэнна ці добра, але мы ў гэта светлае верылі будучае. Гэта было нашай нацыянальнай ідэяй».

«Увогуле, трэба час, час пакажа і расставіць усё на свае месцы», — сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?