У Крамлі падлічылі, што толькі за чатыры гады страты расійскага бюджэту ад бяспошліннай пастаўкі нафты ў Беларусь склалі 22,3 млрд даляраў.

«З 2011 па 2015 гады бяспошлінна штогод пастаўлялася 18—23 млн тон нафты беларускім партнёрам. Усяго за гэты перыяд расійскі бюджэт недаатрымаў 22,3 млрд долараў. Усё гэта з'яўляецца не чым іншым, як простай і ўскоснай падтрымкай саюзнай беларускай дзяржавы», — цытуе ТАСС паведамленне прэс-службы прэзідэнта РФ.

У Крамлі таксама адзначаюць, што Беларусі выдзелена звыш 6 млрд долараў крэдытаў па розных траншах, і «гэтая нагрузка легла дадатковым цяжарам на бюджэт Расійскай Федэрацыі». Акрамя таго, 2,5 млрд долараў рознымі траншамі Мінск атрымаў у выглядзе крэдытаў па лініі Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця.

«Расія аказвала і працягвае аказваць маштабную эканамічную, палітычную і іншую дапамогу Беларусі, зыходзячы з асаблівага саюзніцкага характару адносін дзвюх краін», — гаворыцца ў паведамленні.

«Што да эканамічных і камерцыйных спрэчных пытанняў, якія ўзнікаюць у гаспадарчай дзейнасці, то яны павінны вырашацца ў спакойнай манеры, шляхам дзелавых перамоў. Масква разлічвае, што набор рознагалоссяў, які цяпер фігуруе ў двухбаковым парадку дня, будзе ўрэгуляваны падчас такіх перамоваў», — адзначаюць у Крамлі.

Пры гэтым у паведамленні падкрэсліваецца «прыярытэт працягу інтэграцыйных працэсаў»: «Масква надае гэтаму першачарговае значэнне, з вялікай увагай ставіцца да далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі».

Паведамленне прэс-службы Крамля з'явілася праз некалькі гадзін пасля заяў пра беларуска-расійскія адносіны, зробленых Аляксандрам Лукашэнкам 3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ ў Мінску.

Паводле слоў Лукашэнкі, уступаючы ў інтэграцыйныя аб'яднанні з Расіяй, Беларусь разлічвала, што яны будуць грунтавацца «на раўнапраўі, што будуць роўныя ўмовы». «Гэта галоўнае, без гэтага не можа быць саюзаў. Калі іх няма, навошта туды ісці?» — сказаў ён.

Беларускі кіраўнік заявіў, што з-за няроўных цэн і ўмоў у межах Мытнага саюза Беларусь страціла «толькі з-за цэнавага фактару 15 мільярдаў долараў». «Яны прызнаюць гэтую лічбу. І вось яны нам далі аж 5 мільярдаў крэдытаў!.. Гэта добра, забраць у нас 15 мільярдаў праз цэны і потым нам жа даць нашы ж грошы, і то толькі трэцюю частку пад працэнт у тры разы большы, чым МВФ. Ворагі… Гэта нармальна? І ўслед — мы кормім іх, гіры на нагах, такія-сякія», — адзначыў Лукашэнка.

Такую сітуацыю ён лічыць «ненармальнай». «Гэта трэба заканчваць, на гэтым шмат не атрымаеш. І мы не Украіна. Мы — не антырасійскія, мы не імкнемся ў НАТА. Мы свята беражэм нашы дамоўленасці аб абароне нашай прасторы, нашай бацькаўшчыны Беларусі і Расіі», — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ён хацеў бы, каб «канфлікт наверсе ні ў якім разе не апусціўся данізу». «Таму вельмі прашу, ніколі не крыўдзіце расіян. Яны да нас прыязджаюць, адпачываюць, не бясплатна гэта робяць. Гэта нашы людзі. Прэзідэнты — Лукашэнка, Пуцін — прыходзяць і сыходзяць, а народы застаюцца. Гэта галоўнае. Рана ці позна мы ўсё роўна дамовімся», — сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?