Урад Румыніі адмяніў скандальны ўказ, які вызваляў ад крымінальнай адказнасці чыноўнікаў за карупцыю з шкодай менш за 200 тыс. леяў (47,5 тыс. даляраў). У нядзелю ўрад правёў экстраную нараду па гэтым пытанні.

Reuters.com

Reuters.com

Дзясяткі тысяч жыхароў краіны праводзілі штодзённыя акцыі супраць указу, пасля ўвядзення якога асуджаныя службовыя асобы змаглі б выйсці з турмы.

Прэм'ер-міністр Сорын Грындзяну заявіў пра намер адмяніць распараджэнне ў суботу, пасля таго, як пратэстоўцы выйшлі на вуліцы Бухарэста і ўтварылі жывы ланцуг вакол будынка парламента. Ён заявіў, што не хоча падзяліць краіну.

Да нарады Грындзяну заявіў, што ён «пачуў і ўбачыў мноства меркаванняў», у тым ліку «голас вуліцы».

Пры гэтым запланаваная прэс-канферэнцыя, на якой павінна было быць абвешчана пра адмену ўказа, была адменена.

Акцыі пратэсту ў Румыніі сталі найбуйнейшымі з часу падзення камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе. Некаторыя пратэстоўцы ўсё яшчэ патрабуюць адстаўкі ўсяго ўрада.

Указ павінен быў уступіць у сілу 10 лютага. Ён мог бы абараніць дзясяткі палітычных дзеячаў, якія абвінавачваюцца ў карупцыі.

У пералік амніставаных мог трапіць старшыня кіруючай Сацыял-дэмакратычнай партыі Румыніі Лівіу Драгня, асуджаны ўмоўна па справе аб карупцыі са шкодай у 24 тыс. еўра, а таксама медыямагнат Дан Вайкулеску, які атрымаў 10 гадоў за адмыванне грошай.

Дзевяць заходніх краін, у тым ліку Германія, Францыя і ЗША, выказалі сваю занепакоенасць указам, бо, на іх думку, ён мог бы падарваць партнёрства з Румыніяй ў рамках ЕС і НАТА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?