Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая атрымала адказ з Адміністрацыі прэзідэнта на зварот з нагоды адмены нашумелага дэкрэта аб падатку на дармаедства. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Як не цяжка было здагадцца, улады «не бачаць падстаў» для адмены гэтага дакумента.

Дэпутат напісала зварот у Адміністрацыю яшчэ 10 студзеня. У ім, нагадаем, яна запатрабавала адмяніць дэкрэт «у найбліжэйшы час». «Без усякіх агаворак, дапрацовак і г.д. Адменены і кропка!» — напісала тады Ганна Канапацкая.

Адказ прыйшоў за подпісам намесніка кіраўніка Адміністрацыі Уладзіміра Міцкевіча, піша finance.tut.by.

У ім гаворыцца, што рэалізацыя дэкрэта № 3 накіравана «не столькі на папаўненне бюджэту, колькі на прадухіленне ўтрымальніцкіх настрояў у грамадстве». Больш за тое, паводле праведзенага маніторынгу дакумент падтрымлівае большая частка грамадзян, занятых у рэальным сектары эканомікі».

Прыведзены і вынікі працы дэкрэта: «На прадпрыемствах Беларусі запаволілася цякучасць кадраў, былі запоўненыя многія незапатрабаваныя раней вакансіі, — мяркуюць у Адміністрацыі прэзідэнта. — Людзі сталі даражыць сваімі працоўнымі месцамі, забяспечваючы стабільнасць працоўных рэсурсаў прадпрыемстваў».

Акрамя таго, у Адміністрацыі прэзідэнта нагадалі, што нядаўна ў дакумент былі ўнесены змены, «улічаныя недахопы». Асабліва пры гэтым адзначылі норму аб тым, што мясцовыя органы ўлады атрымалі права вызваляць ад выплаты збору тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

У выніку «падстаў для ўнясення прэзідэнту прапаноў па адмене дэкрэта (…) не бачна».

Нагадаем, пра тое, што ў бліжэйшы час дакумент не будзе адменены, выказаўся і кіраўнік краіны. «Я мяркую, што далей няма падстаў раскручваць гэтую тэму і казаць, што гэта не для нашай эканомікі, нашага грамадства. Гэты дэкрэт працуе 2-3 гады. Давайце яшчэ з ім пажывём. Калі я і вы прыйдзем да цвёрдай высновы, што гэта анахранізм і ён нам не патрэбны, то мы яго адменім. Не спяшайцеся. Можа, гэты дакумент прынясе шмат карыснага ў наша жыццё», — сказаў Лукашэнка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна