Прыкладна 150 чалавек узялі ўдзел у акцыі ў абарону Лошыцкага парку, што адбылася вечарам 21 ліпеня ў Менску.
Прычынай правядзеньня акцыі стаў санкцыянаваны гарадзкімі ўладамі пачатак земляных і будаўнічых работ на тэрыторыі старажытнага парку.
Акцыя пачалася а 20.00. Першыя 15 хвілін прыблізна два дзясяткі яе ўдзельнікаў — грамадзкія актывісты і проста жыхары Менску — стаялі каля цэнтральнага ўваходу ў парк з плякатамі, на якіх было напісана: «Я люблю Лошыцкі парк». Затым яны накіраваліся да цэнтральнай сядзібы — там сабраліся ўжо прыкладна паўтары сотні чалавек, якія пратэставалі супраць распачатых работ па рэканструкцыі парку.
«Мы павінны зьдзівіць сваіх унукаў садам, якому 100 гадоў, — заявіла на імправізаваным мітынгу адна з арганізатараў акцыі мастачка Ніка Сандрас. — Усе работы, што вядуцца цяпер у парку, павінны быць замарожаны. Мы павінны думаць, што рабіць для таго, каб парк, пачатак якога быў закладзены ў XVI стагодзьдзі, быў захаваны для нашых нашчадкаў. Сёньняшняя акцыя — гэта першы штуршок да таго, каб захаваць Лошыцу».
Паводле слоў спн. Сандрас, праз два тыдні ў парку плянуецца правесьці мастацкі пленэр, удзельнікі якога будуць маляваць прыгожыя куткі Лошыцы.
Прысутныя прынялі адозву да кіраўніцтва Менгарвыканкаму, у якой выказана занепакоенасьць пачаткам работ па рэканструкцыі парку.
«Ні будаўнікі, ні адміністрацыя парку ня могуць паказаць плян рэканструкцыі. Разам з тым, бясконца цыркулююць чуткі аб тым, што парк будзе ператвораны ў забаўляльную зону», — гаворыцца ў адозьве.
Антон Астаповіч |
Удзельнікі акцыі запатрабавалі апублікаваць у СМІ плян рэканструкцыі парку, правесьці грамадзкую дыскусію з удзелам спэцыялістаў — эколягаў і гісторыкаў, а таксама прыпыніць на час абмеркаваньня ўсе работы ў Лошыцы.
Акцыя доўжылася прыблізна гадзіну.
Паводле інфармацыі старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, плян рэканструкцыі прадугледжвае поўную зьмену ляндшафту старажытнага парку. У прыватнасьці, ад вялікага пладовага саду застанецца толькі невялікая частка.
Паглядзець фотарэпартаж на старонцы «Я люблю Лошыцкі парк» |