У рэдакцыю «Нашай Нівы» трапіла даручэнне аднаго з аблвыканкамаў краіны, адрасаванае ўстановам аховы здароўя. 

У ім гаворыцца, што за сродкі дадзенай вобласці (але такія даручэнні выдаюцца паўсюль, таму мы вырашылі не выкрываць нашыя крыніцы) Чырвоны Крыж летась ахапіў рознымі відамі дапамогі каля 2800 чалавек з ліку малазабяспечаных, інвалідаў, хворых і гд.

Сыходзячы з гэтага, абласное ўпраўленне аховы здароўя «просіць» арганізаваць ва ўсіх профільных установах збор сродкаў у памеры 1% ад зарплаты з усіх 100% супрацоўнікаў на падтрымку Чырвонага Крыжа. 

Вядома, што пра вынікі збору сродкаў кожная бальніца ці паліклініка мусіць даць справаздачу. 

Яно-та правільна — талакой дапамагаць слабым і неабароненым. Але чаму з-пад палкі? Як вынікае са статуту арганізацыі, Чырвоны Крыж жыве толькі за ДОБРААХВОТНЫЯ ўнёскі сяброў і гранты. 

«У пастанове напісана «просім», увага. Калі не прасіць, то ніхто нічога не дасць. Такім чынам просяць калег актывізавацца, успомніць пра Чырвоны Крыж. Бо гэта медыцынская тэма, усё адно, хоць яны і займаюцца грамадскай дзейнасцю, а не лячэбнай. Пішацца ліст з нагадваннем паважаным калегам зрабіць унёскі. Усе 100% не ахвяруюць ніколі, гэта па жаданні. Гэтаксама, як і прафсаюзы ў іншых сферах», — пракаментавалі «Нашай Ніве» дакумент ва ўпраўленні аховы здароўя Мінаблвыканкама. 

У самім Чырвоным Крыжы сказалі, што дзяржава часам садзейнічае іх дзейнасці, але «гвалтам нічога не робіцца».

«Гэта толькі прапануецца зрабіць унёскі. Калі дзяржава нам ў дадзеным выпадку акажа дапамогу, то нічога кепскага ў гэтым няма», — сказаў першы намеснік генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Віктар Калбанаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?