Суд Партызанскага раёна Мінска 7 лютага прысудзіў мінчука Кірыла Філіпчыка, які дрыфтаваў каля манумента Перамогі, па сукупнасці ўчыненых злачынстваў да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ён заключаны пад варту ў зале суда, паведамілі ў раённым судзе.

Такое ж пакаранне абвінавачанаму прапаноўваў дзяржаўны абвінаваўца.

Філіпчык абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і ч. 2 ст. 346 (здзек з асабліва каштоўнай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці) КК.

Сваю віну ў здзяйсненні хуліганства Філіпчык прызнаў часткова. Не прызнаў знаходжанне ў момант здзяйснення злачынства ў стане алкагольнага ап'янення. Па ст. 346 КК абвінавачаны віну не прызнаў. Пры гэтым папрасіў прабачэння перад ветэранамі, а ў апошнім слове папрасіў не пазбаўляць яго волі. Абарона Філіпчыка прасіла суд апраўдаць яго.

Філіпчык абвінавачваецца ў тым, што з 1.30 па 1.50 29 лістапада мінулага года, «будучы ў стане алкагольнага ап'янення, знаходзячыся на тэрыторыі манумента Перамогі, з хуліганскіх памкненняў, выказваючы відавочную непавагу да грамадства і з выключным цынізмам, кіруючы аўтамабілем Mercedes-Benz S300, здзейсніў заезд на тэрыторыю помніка абаронцам Айчыны — манумента Перамогі, загадзя не прызначаную для руху транспартных сродкаў, пасля чаго мэтанакіравана увёў вышэйзгаданы аўтамабіль у кіраваны занос, праехаўшы на ім па тэрыторыі манумента Перамогі не менш трох колаў вакол сваёй восі (дрыфтаваў)».

Заспеты ў момант здзяйснення гэтых дзеянняў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, на патрабаванні аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў ён не рэагаваў, дэманстратыўна неаднаразова парушыў абавязковыя для выканання правілы дарожнага руху, пасля чаго схаваўся.

Па лініі міліцыі ў дачыненні да кіроўцы было складзена шэсць адміністрацыйных пратаколаў: па чч. 1, 6 і 10 арт. 18.14 (невыкананне патрабаванняў сігналаў рэгулявання дарожнага руху, парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў або іншых правілаў дарожнага руху), ч. 4 арт. 18.36 (парушэнне парадку карыстання аўтамабільнымі дарогамі агульнага карыстання), ч. 1 арт. 18.21 (невыкананне патрабавання аб спыненні транспартнага сродку), ч. 1 арт 18.22 (парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі транспартнага сродку, а таксама іншых правілаў дарожнага руху) КаАП. Агульная сума штрафу — 630 рублёў. Правапарушальнік таксама пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам на 18 месяцаў.

У дачыненні да чалавека, які здымаў дрыфт на відэа, складзеныя пратаколы па ч. 1 арт. 18.23 КаАП. Яму трэба будзе выплаціць штраф у шэсць базавых велічынь.

Глядзіце таксама: «Навошта — патлумачыць не магу». Судзяць мінчука, які дрыфтаваў на плошчы Перамогі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?