Сэрвіс мікраблогаў Twitter пашырае кампанію супраць распальвання нянавісці і агрэсіі ў сацыяльнай сетцы, піша ВВС.

Паводле паведамлення кампаніі, Twitter будзе высвятляць асобы карыстальнікаў, чые акаўнты былі заблакаваныя за абразлівыя паводзіны. Гэта робіцца для таго, каб яны не маглі стварыць новыя акаўнты, то бок былі назаўжды адлучаныя ад Twitter.

Таксама кампанія Twitter паведаміла, што працуе над стварэннем сістэмы так званага «бяспечнага пошуку», якая будзе выключаць твіты з патэнцыйна адчувальным зместам. Твіты з патэнцыйна абразлівым зместам выдаляцца не будуць, аднак сістэма іх выключыць з вынікаў пошуку па канкрэтным запыце.

Twitter таксама працуе над выключэннем з пошуку патэнцыйна абразлівых і «нізкаякасных» абмеркаванняў, якія мала звязаныя з зададзенай тэмай. Гэтыя абмеркаванні таксама не будуць выдаляцца, але стануць менш прыкметныя для карыстальнікаў.

У маі мінулага года Facebook, Twitter, YouTube і Microsoft падпісалі кодэкс па барацьбе з агрэсіяй, нянавісцю і ксенафобіяй у інтэрнэце, які прадугледжвае выдаленне экстрэмісцкага кантэнту з усіх згаданых рэсурсаў на працягу сутак.

Узгоднены кампаніямі кодэкс прадугледжвае таксама магчымасць блакавання акаўнтаў, на якіх былі апублікаваныя пасты з экстрэмісцкім зместам.

Згодна з кодэксам, кожная кампанія павінна сфармаваць асаблівую групу маніторынгу патэнцыйна праблемнага кантэнту.

У снежні мінулага года Facebook, Microsoft, Twitter і YouTube узгаднілі схему супрацоўніцтва з мэтай спыніць распаўсюд экстрэмісцкіх выяў і відэа праз свае сайты.

Кампаніі паведамілі, што плануюць стварыць адзіную базу, якая будзе ўтрымліваць «віртуальныя адбіткі пальцаў» усяго кантэнту. З дапамогай гэтай базы дадзеных яны маюць намер сачыць за загрузкай кантэнту на сайты, і ў выпадку з'яўлення матэрыялаў экстрэмісцкага зместу, прыбіраць іх са сваіх сайтаў яшчэ да таго, як яны пачнуць масава распаўсюджвацца.

У Twitter тады заявілі, што на сэрвісах, якія прадстаўляюцца кампаніяй, «няма месца для кантэнту, які спрыяе тэрарызму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?