У Палаце прадстаўнікоў і прадпрыемстве «Мінсктранс» не лічаць, што праязныя на беларускай мове парушаюць правы рускамоўных. Гэта вынікае з адказаў, атрыманых на зварот складальніка размешчанай у інтэрнэце петыцыі «Патрабаванне роўнага права для рускамоўных». На гэты момант пад петыцыяй падпісаліся 12 чалавек.

Яны просяць «забяспечыць рэальную роўнасць дзяржаўных моў шляхам размяшчэння інфармацыі на праязных дакументах на абедзвюх мовах». У петыцыі гаворыцца, што хоць большасць беларусаў і прызнаюць беларускую мову сваёй роднай, паводле статыстычных звестак, гутарковай мовай для абсалютнай большасці беларусаў усё ж такі з'яўляецца руская.

«Мяркуем, што ў транспарце Мінска (магчыма, і ў іншых гарадах Беларусі) парушаюцца правы рускамоўных грамадзян Беларусі. Усе праязныя дакументы — аднаразовыя талоны і шматразовыя праязныя — маюць надпісы выключна толькі на беларускай мове. Тое ж засілле беларускай мовы назіраецца ў чыгуначным транспарце, а менавіта найменне прыпынкаў электрычак і цягнікоў — на беларускай мове кірыліцай і лацінкай», — адзначае складальнік петыцыі. Органам улады прапануецца забяспечыць рэальную роўнасць дзяржаўных моў шляхам размяшчэння інфармацыі на праязных дакументах на абедзвюх мовах, а таксама ўнесці змены ў закон аб абароне правоў спажыўцоў.

Адказы на зварот атрыманыя з «Мінсктранса» і Палаты прадстаўнікоў. Так, у адказе сталічнага транспартнага прадпрыемства гаворыцца, што «праязныя квіткі аформленыя на беларускай мове і ў адпаведнасці з заканадаўствам», а «Мінсктранс» не надзелены правам заканадаўчай ініцыятывы».

У адказе з Палаты прадстаўнікоў, падпісаным старшынёй пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігарам Марзалюком, адзначаецца: «Выкарыстанне беларускай мовы на транспарце, у тым ліку на праязных дакументах, з'яўляецца законным, правамерным і не парушае правы грамадзян». «Пры гэтым увядзенне абавязковага дублявання інфармацыі ў сферы транспартнага абслугоўвання на дзвюх дзяржаўных мовах непазбежна выкліча дадатковыя выдаткі дзяржаўных органаў і транспартных арганізацый, што з улікам наяўнай сітуацыі з'яўляецца немэтазгодным», — лічыць старшыня камісіі.

Нядаўна ў інтэрнэце прайшоў збор подпісаў пад петыцыяй аб унясенні ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» патрабавання, каб інфармацыя аб таварах даводзілася да насельніцтва не толькі па-руску, але і па-беларуску. Пад петыцыяй падпісаліся прыкладна 4,5 тысячы чалавек. Тым не менш Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю дало адказ ініцыятару грамадскай кампаніі «Справаводства па-беларуску» Ігару Случаку, што для вытворцаў такая норма «з'яўляецца эканамічна неабгрунтаванай і нявыгаднай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?